У Беларусі – 300 000 палякаў. І дзве школы, дзе вучаць па-польску


Польскую мову выцясняюць з дзяржаўнай сістэмы адукацыі – вучні пераходзяць з дзяржаўныз школаў у школы пры Саюзе палякаў.

Ад дашкольнікаў да пенсіянераў: амаль тры з паловаю сотні вучняў распачнуць навучанне ў грамадскай школе ў Горадні пры Саюзе палякаў у Беларусі. Традыцыйна ў сярэдзіне верасня ўстанова адчыняе дзверы, не зважаючы на няспынныя спробы ўладаў выцесніць польскую мову з мясцовай адукацыйнай прасторы.

Сотні вучняў штогод. Гэта тыя, каму не хапіла месца ў школе № 36 – адзінай у Горадні, дзе заняткі ідуць на польскай мове, людзі дарослыя і нават дзеці дашкольнага ўзросту. Напярэдадні грамадская школа пры Саюзе палякаў у Беларусі распачала новы навучальны год. Хаця ў горадзе над Нёмнам такіх установаў болей няма, арганізацыя мае каля васьмідзесяці падобных асяродкаў па ўсёй краіне.

«Гэта школы выходнага дня, гэта перш за ўсё ўстановы адукацыі, што выхоўваюць маладое пакаленне ў духу патрыятызму, замілавання да польскае культуры і гісторыі і канешне замілавання да польскае мовы», – кажа старшыня Саюзу палякаў на Беларусі Анджэліка Борыс.

Як тлумачаць у непрызнаванай уладамі Беларусі арганізацыі, гэтыя ўстановы ёсць таксама своеасабліваю страхоўкаю перад далейшым ціскам мясцовых чыноўнікаў на польскамоўную адукацыю. На сёння ў Беларусі існуюць толькі дзве школы з польскай мовай навучання – у Горадні і ў Ваўкавыску, хаця толькі паводле апошняга перапісу насельніцтва амаль 300 тысяч грамадзянаў нашае краіны назвалі сябе этнічнымі палякамі.

«У гарадзенскіх школах польскую мову выцясняюць з дзяржаўнай сістэмы адукацыі і вучні, якія ўжо вывучалі польскую мову, або хацелі б распачаць яе вывучанне, пераходзяць у школы пры нашым Саюзе палякаў», – кажа дырэктарка грамадскай школы пры СПБ Анджэліка Арэхва.

У Беларусі дзеюць дзве арганізацыі польскае дыяспары. Раскол адбыўся ў 2005-ым годзе пасля абрання Анджэлікі Борыс на пасаду кіраўніка арганізацыі. Улады Беларусі выбару не прызналі і пасля з’яўлення двух Саюзаў палякаў сканфіскавалі частку маёмасці на карысць праўладнай арганізацыі. Праз няспынны ціск нават гэтая школа дэ-юрэ не ёсць часткаю непрызнаванага Саюзу палякаў.

«Ад 2005 года, калі беларускія ўлады не прызнаюць нашай арганізацыі, яна дзейнічае пад дахам гаспадарчай фірмы, якая праводзіць курсы польскае мовы. Найпершы гэта была »Палоніка«, пазней «Крэсовія», а на сёння мы маем фірму «Клерыгатэ», – кажа Анджэліка Арэхва.

За 20 гадоў існавання толькі гэтае школы з дыпломамі пра яе сканчэнне выйшлі больш за сем тысяч чалавек. Для бальшыні апытаных намі новых вучняў школа пры Саюзе палякаў – толькі першы крок: далей юнакі і дзяўчаты збіраюцца ехаць вучыцца і жыць у Польшчу.

Згодна з звесткамі апошняга перапісу, менш за 1 % беларускіх палякаў ужываюць польскую мову штодзень. Затое менавіта сярод іх найвышэйшы адсотак тых, хто размаўляе ўдома па-беларуску – больш за 40 %.

Усевалад Шлыкаў