У беларусаў аднімаюць маёмасць дзеля «інтарэсаў дзяржавы»


Ушчыльненне – праблема, актуальная цягам апошніх гадоў перадусім для менчукоў. Пры гэтым, як высветлілася, перамога грамадзянаў нярэдка аказваецца часовай. Калі абурэнне грамадзянаў заціхае, то ўдарная тэхніка распачынае шумець ізноў. Якім чынам улады абараняюць інтарэсы бізнесу, а не людзей?

Практыка сведчыць: перамогі менчукоў над сталічнымі ўладамі ў лакальных канфліктах маюць часовы характар. Адны інвестары сыходзяць, ім на змену прыходзяць новыя. Суды ж і пракуратура сёння працуюць не на карысць простых грамадзянаў.

Тры гады таму на рагу вуліцаў Гарадскі Вал і Валадарскага людзі пратэставалі супраць будаўніцтва гатэлю. Чыноўнікі супакоілі, што працаў не будзе. Але сёлета людзі даведаліся, што гатэль пабудуе новы інвестар. Рашэнне канчатковае.

«Часта дзяржава робіць так, каб пратэстны настрой зніжаўся менавіта ў выканкамах. Маўляў, няхай яны пакрычаць на мясцовага чыноўніка. Крышку прыадчыняюць, спускаюць пару, і людзі думаюць, што яны перамаглі. Але праходзіць 3–5 гадоў, вяртаецца чыноўнік, інвестар, і пачынаецца зноў», – кажа Зміцер Кавалгін, сябра ініцыятыўнай групы гараджанаў.

Улетку пратэстоўцам супраць будаўніцтва паркінгу на бульвары Талбухіна заявілі, што калі яны не супакояцца, то іхныя дамы могуць прызнаць аварыйнымі ды самых перасяліць у іншае месца. Натуральна, перасяляць людзей з прыватнага сектару куды прасцей, чымся з той жа хрушчоўкі.

«Дзяржава стварыла такі пакет нарматыўных актаў, які дазваляе ў любога чалавека ў любы час забраць яго маёмасць. Дзяржава нават не замарочваецца над тым, як забраць, – яна папросту забірае. На ўсё ў яе ёсць такі «законны» адказ: інтарэсы дзяржавы. Насамрэч гэта інтарэс бізнесоўца, звязанага з уладаю», – гаворыць Мікалай Казлоў, выканальнік абавязкаў старшыні АГП.

Жыхары 3-га Земляробчага завулку ў свой час пабудавалі дамы на надзеле, які ім вылучыла дзяржава. Сваймі сіламі асушалі балота, рабілі каналізацыю, ацяпленне, праводзілі газ. А летась ім паведамілі, што дамы знясуць. Прычына – усё тая ж: інтарэс дзяржавы.

«Была б тут дзяржпатрэба пабудаваць дарогу, якая б, напрыклад, разгрузіла Арлоўскую, ці паліклініку, ці дзіцячы садок. Але тут дзяржпатрэба пабудаваць шматпавярховы дом, кватэры распрадаць, грошы пойдуць у кішэні чыноўнікаў, а нас… высяляюць», – каментуе Ілля Плавінскі, шматдзетны бацька.

Трэці Земляробчы завулак месціцца побач з паркам Дружбы народаў. З аднаго боку – канцавы прыпынак на некалькі аўтобусных і тралейбусных маршрутаў, з другога – зялёны сквер. У хуткім часе побач з’явіцца новая станцыя метро. І на гэтым пятачку жывуць не так шмат людзей.

«Калі б у нашай краіне працавалі законы, а ўлады абапіраліся б на Канстытуцыю, як гэта павінна быць, то ніякія б багатыя дзядзі не змаглі б узяць і папросту пасунуць людзей, калі ім гэтага захацелася, і ўзяць месца, якое ім захацелася», – распавядае Марына Плавінская, жыхарка дому № 14 на 3-м Земляробчым завулку.

Жыхары Земляробчага прайшлі ўсе інстанцыі. У доме № 14 дружна жывуць некалькі сем’яў, у тым ліку шматдзетная. Ім заявілі, што ў Менску зямлі для іх няма. За двухпавярховы дом з плошчаю больш за 200 метраў на 9 чалавек даюць дзве кватэры на ўскрайку гораду.

Любоў Лунёва, belsat.eu