У Беларусь вяртаецца паляванне на дармаедаў


Нарада пра працу эканомікі ў 2020 годзе, Лукашэнка звяртаецца да чыноўнікаў: «Неадкладна заняцца працаўладкаваннем беспрацоўных. Неадкладна паставіць на ўлік усіх дармаедаў, хто боўтаецца, і прымусіць іх працаваць».

А вось і вынік снежаньскай нарады: Менгарвыканкам накіраваў у Міністэрства працы прапановы для змены заканадаўства, якія датычаць узмацнення падатковага кантролю і аплаты камунальных паслуг для беспрацоўных.

«Гэта звыклая схема беларускай рэальнасці: Лукашэнка штосьці кажа, і ўсе чыноўнікі бягуць выконваць, не вельмі зважаючы на здаровы сэнс», – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Менгарвыканкам налічыў 67 тысячаў беспрацоўных. Для іх служба занятасці прапаноўвае 17 тысячаў працоўных месцаў. Чыноўнікі называюць гэта спрыяльнай сітуацыяй на рынку працы. Ці сапраўды?

«Працадаўцы, наймальнікі самастойна вырашаюць, знаходзяць людзей па розных каналах. А што застаецца ў службе занятасці, складае гэтыя 17 тысяч, якія ні пра што не кажуць, і вакансіі там незапатрабаваныя», – растлумачвае старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

Тым часам старшыня Менгарвыканкаму Уладзімір Кухараў абяцае, цытата, «жорсткія захады» для ліквідацыі беспрацоўя.

«Заявы пра нейкія жорсткія захады – я думаю, што гэта спроба нейкага псіхалагічнага ціску. І да таго ж гэтая спроба зноў жа ідзе з гэтых міфалагем, якія выказваў Лукашэнка. Маўляў, хто гэта пратэстуе на вуліцах? Гэта беспрацоўныя», – аналізуе Валер Карбалевіч.

Большасць апытаных намі жыхароў сталіцы не вераць у паспяховасць жорсткіх захадаў у барацьбе з беспрацоўем.

«Хтосьці ўвогуле не хоча працаваць. І як яго прымусіць? Ну не ведаю – не зусім рэальна».

«Немагчыма прымусіць чалавека рабіць тое, чаго ён не хоча. Толькі калі прыставіць яму нож да горла. Хаця такое таксама, цалкам магчыма, будзе».

«Я не ведаю, я працую».

«Я думаю, што кожны чалавек вольны сам выбіраць, чым яму займацца, ёсць розныя спосабы заробку. Я думаю, што ва ўладаў нічога не атрымаецца».

Дэкрэт аб дармаедстве быў падпісаны ў 2015 годзе. Кожны, хто не працуе больш за 180 дзён, мусіў заплаціць 170 еўраў падатку. Дакумент выклікаў масавыя пратэсты, і ў 2017 годзе беларусы выйшлі на вуліцы па ўсёй краіне.

«Канстытуцыя гарантуе людзям не прымус да працы, а саму працу. Вось гэтым і трэба займацца. Не прымусам да працы, якой няма. Мы ведаем, якія велізарныя праблемы з працоўнымі месцамі», – абураецца Аляксандр Ярашук.

У студзені 2018 года грашовы збор адмянілі. Але з 2019 беспрацоўныя мусяць цалкам аплочваць гарачую ваду, газ і ацяпленне.

Дзіяна Раткевіч, belsat.eu