У Бараўлянах пад школу сякуць лес, хаця побач ёсць пустое поле


Мясцовыя жыхары сабралі 6500 подпісаў супраць забудовы. І гэта далёка не першая спроба давесці ўладам свой пункт гледзішча на будучыню інфраструктуры свайго раёну.

Жыхары Бараўлянаў абмеркавалі з мясцовымі ўладамі справаздачу пра ацэнку ўздзеяння на навакольнае асяроддзе аб’екту «Дзіцячы сад – сярэдняя школа», які мусіць паўстаць на месцы ляснога масіву.

«Перад паседжаннем мы вывучылі справаздачу АУНА, і, на жаль, пра нейкую ўсебаковасць, аб’ектыўнасць гэтага дакументу не даводзіцца казаць. Усё аднабока, і, відавочна, галоўнае было даказаць, што сячы патрэбна, іншых месцаў для пабудовы няма», – кажа жыхарка Бараўлянаў Марыя Вайтовіч.

Аднак месца ёсць, адзначаюць мясцовыя: гэта вялізнае поле побач. Згодна з карэктаваннем генеральнага плану, на гэтым месцы таксама запраектаваныя два дзіцячыя садкі і адная школа, а таксама шматкватэрнае жытло. Атрымліваецца, што значная частка сацыяльных аб’ектаў будзе сканцэнтраваная практычна ў адным месцы, і гэта даволі далёка ад існых масіваў шматкватэрнай забудовы.

«Калі мне было 10 гадоў, я прыязджала сюды па ягады і грыбы. І хадзіла па лесе. Тут былі толькі тры трохпавярховыя старыя дамы на вуліцы 40 гадоў Перамогі. Больш нічога – астатняе быў лес. Людзі высеклі лес, паставілі дамы, а што цяпер уперліся ў гэты пятачок?», – кажа мясцовая жыхарка Таццяна.

Улады ж даводзяць, што робяць усё магчымае, каб пашыраць інфраструктуру раёну, аднак фактычна ў тым жа мікрараёне Зялёны Бор мясцовым жыхарам да сёння не стае дадатковай школы і садку, да якіх можна дабрацца пехатою.

«Калі мы яшчэ засяляліся ў 2008–2009 годзе, казалі, што з часам будзе прыбудова да школы, якая дазволіць нашым дзецям вучыцца побач з домам. Але неяк усё заціхла, а воз і цяпер там, – заўважаюць жыхары Зялёнага Бору. – Машынаю ехаць, потым у школу адвозіць і забіраць. Потым у музычную везці. Ну, маці хіба што працаваць не трэба, каб займацца адукацыяй дзяцей і займацца развозкаю па садах, школах».

Каб давесці немэтазгоднасць высячэння лесу, мясцовыя жыхары замовілі паралельна з дзяржаўнай ацэнкай уздзеяння на навакольнае асяроддзе будучага аб’екту ацэнку навукоўцаў з Нацыянальнай акадэміі навук.

«У справаздачы аб АУНА згадваецца толькі адзін чырванакніжны від, які там знайшлі. А навукоўцы Акадэміі навук на паседжанні сцвярджалі, што там ёсць як мінімум другі від чырванакніжных раслінаў і, магчыма, там таксама ёсць чырванакніжнае насякомае. А тры чырванакніжныя віды – гэта фактычна падстава, каб аб’явіць гэтую тэрыторыю мясцовым заказнікам», – кажа Рыгор Фёдараў з грамадскага аб’яднання «ЭКАДОМ».

У кожным разе часу на дапрацоўванне і карэктаванне генеральнага плану яшчэ крышку ёсць – грамадскія абмеркаванні ў гэтым пытанні працягнуцца да 25-га верасня.

Віталь Бабін