У Баранавічах міліцыя не вытрымала напору «дармаедаў»


Дзясяткі тысяч подпісаў, сабраных за адмену Дэкрэту аб дармаедстве, што даслалі ў Адміністрацыю Прэзідэнта ды ўрад, застаюцца ўсцяж без адказу. На зварот у той жа справе дэпутаткі Палаты Прадстаўнікоў Ганны Канапацкай прэзідэнцкая адміністрацыя адказала праз 27 дзён.

Спачатку было абурэнне, а цяпер ужо і пратэсты. Да будынку падаткавай інспекцыі на пікет супраць дэкрэту аб дармаедстве выйшла некалькі дзясяткаў жыхароў Баранавічаў.

«Тут трэба сотнямі выйсці! Усе сядзяць па дамах сваіх баяцца. Я званю сваёй пляменніцы, што ўжо год не працуе, кажу: «Лена, пайшлі!» Яна кажа: «А горш мне ад гэтага не будзе?» Я ёй кажу: да чаго ты баішся?», – кажа жыхарка Баранавічаў.

Неспакойна было і ў самім будынку падаткавай

«Я дзяржаве нічога не вінная! Я выгадавала траіх дзяцей, усіх падняла на ногі. Усё! Не карысталася ніякімі льготамі. Сама ўсё рабіла», – кажа жыхарка Баранавічаў.

А пасля абураныя жыхары накіравалаіся ў гарвыканкам. І тут міліцыя пад напорам людзей адчыніла дзверы, каб перадаць дэпутатам сабраныя за адмену дэкрэту подпісы грамадзянаў.

Антынародны дэкрэт усё болей абʼядноўвае незаангажаваных раней у апазіцыйнай дзейнасці валанцёраў

Гэтак гамяльчук Дзмітрый Сабураў, які сам атрымаў «ліст шчасця», хутка знайшоў аднадумцаў. Цяпер каманда маладзёнаў стварыла суполкі ў сацыяльных сетках, свой канал на Youtube, ды насуперак маразам бадзёра збірае подпісы за дамену дэкрэту:

«Сустрэў гэтых хлопцаў і вырашыў да іх далучыцца, таксама збіраць подпісы», – кажа актывіст Дзяніс Нікіценка.

Агулам апазіцыйныя партыі, незалежныя прафсаюзы і шараговыя беларусы сабралі ўжо дзясяткі тысяч подпісаў. Аднак улады незадаволенасці насельніцтва дэкрэтам усцяж не заўважаюць.

«Маніторынг практыкі выкарыстання Дэкрэту, які праводзіць Адміністрацыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэманструе падтрыманне дадзенага дакументу пераважнаю часткаю грамадзянаў, занятых у рэальным сектары эканомікі».

Такі адказ з Адміністрацыі прэзідэнта атрымала дэпутатка ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. У Адміністрацыі паведамілі, што не бачаць падставаў для яго адмены.

«Гэта трэба быць настолькі абыякавым, каб не заўважаць: народ сапраўды ў бядзе, людзі хочуць, каб ім нехта дапамог, а тут наадварот, маўляў, людзей яшчэ і абвароўваюць дзяржаўным чынам», – кажа жыхарка Гомля.

«Тут схіляюць людзей да крыміналу гэтым дэкрэтам, бо дзе ўзяць грошы людзям, якія не працуюць?«, – яшчэ адно меркаванне.

«Я напрыклад, не магу аддаць гэтыя 360 рублёў. Я пайду хутчэй за ўсё сядзець 15 содняў», – кажа апытаны.

Але адмыслоўцы акурат раяць не сядзець, а змагацца

«Звароты скаргі ў падатковую раённую інспекцыю, падатковую інспекцыюабласную і скаргі ў суды. І другое – ёсць народныя абраннікі. Трэба рабіць ініцыятыўныя групы і адклікаць гэтых народных выбарнікаў з Палаткі», – кажа Генадзь Фядыніч з незалежнага прафсаюзу РЭП.

Самым жа дзейсным прызнаюць пратэсты, дзякуючы масавасці якіх саступаюць улады і нават сілавікі, як сёння ў Баранавічах.

Вольга Старасціна belsat.eu