Аб'ектыў 06.08.2018 У Баранавічах кантрактнікі скралі зброю і боепрыпасы. Раўкоў сыйдзе ў адстаўку?


У цэнтры скандалу ізноў беларускае войска. Тым разам не праз дзедаўшчыну, а крадзеж зброі і боепрыпасаў. Затрымалі некалькі вайскоўцаў з баранавіцкай вайсковай часткі. Як сцвярджаюць сваякі аднаго з затрыманых, у гандлі былі замешаныя і людзі з КДБ. Афіцыйнай інфармацыі, як заявіла Міністэрства абароны, яны даваць не збіраюцца.

Справа Коржыча летась, а сёлета беларускае войска схамянуў чарговы скандал – паводле інфармацыі медыяў, 24-гадовы прапаршчык больш за год сістэматычна выносіў і прадаваў зброю з вайсковай часткі.

Паводле Міністэрства абароны, камандзір часткі завёў крымінальную справу на некалькіх вайскоўцаў за незаконныя дзеянні ў дачыненні да зброі і боепрыпасаў. У астатнім сілавыя структуры маўчаць. Тым часам сайт NN.by паведамляе, што 24-гадовы Дзмітрый К., які служыць паводле кантракце ў роце матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння на пасадзе загадчыка збройнага складу часткі, больш за год выносіў зброю і боепрыпасы з вайсковай часткі – аўтаматы Калашнікава, пісталеты Макарава, гранаты і патроны проста клаў у заплечнік і праносіў праз кантрольна-прапускны пункт, на якім не было ніякага дагляду. Як пасля высветлілі журналісты «Белсату», імя падазраванага – Дзмітрый Кульжык, яго затрымалі напрыканцы чэрвеня.

«Апроч начальніка складу мае быць начальнік ракетна-артылерыйскага ўзбраення, які мусіў кантраляваць гэтую працу і праводзіць перыядычныя правяранні гэтага складу, улік зброі. Там дакладна ўсё прапісана – дзе і як павінна ўсё гэта стаяць. Калі гэта ўсё выконваць, як кажуць: у арміі думаць не трэба, чытай статут, там усё напісана, толькі выконвай», – кажа вайсковы аглядальнік Леанід Спаткай.

Агулам крыніца nn.by кажа пра блізу 40 адзінак скрадзенай зброі. Падазраваны хваліўся перад знаёмымі пісталетамі ды аўтаматамі, падрываў гранаты, дарыў зброю сябрам. Пакуль ёсць інфармацыя пра затрыманні трох чалавек у межах гэтай справы.

Жыхары Менску:

«У краіне ў прынцыпе беззаконне робіцца. Я ўжо нічаму не здзіўляюся, што тут адбываецца».

«За гэта ўвогуле жорстка трэба караць. Як гэта – з войска зброю красці?!»

«Адсутнасць вайсковай дысцыпліны. А прапаршчыка трэба жорстка пакараць».

«Гэта немагчыма! Такое проста ў галаве не ўкладаецца!»

Тым часам кіраўнік дзяржавы ў лютым гэтага года на паседжанні Савету Бяспекі ўжо выказваў жорсткія прэтэнзіі да кіраўніцтва Міністэрства абароны ў дачыненні працы з асабістым складам.

«Чым займаецца ідэалагічна-выхаваўчая вертыкаль у вайсковым ведамстве? Па ўсім выглядзе, кіраўнікі закрыліся паперамі, фармалізмам, даўно састарэлымі формамі працы. Гэта дакладна так. Пытанне да органаў пракуратуры: чаму сістэма разварочваецца толькі пасля надзвычайных сітуацыяў?» – казаў Лукашэнка.

Адмыслоўцы сцвярджаюць, што дзеля падтрымання законнасці неабходна развязаць у першую чаргу праблему недастатковай колькасці службоўцаў вайсковай выведкі, якія ў некаторых выпадках проста фізічна не паспяваюць адсачыць усе працэсы ў вайсковых частках. Аднак не выключана, што ў якасці рэакцыі дзяржавы на скандал можа быць адстаўка міністра абароны Андрэя Раўкова, прэтэнзіі да якога грамадскасць ужо выказвала пасля гучнай справы Коржыча.

«У вайсковай гісторыі Беларусі бывалі і большыя, скажам так, праколы ў сілавых структурах, а кіраўнік захоўваў сваё крэсла. Таму казаць пра тое, што пад Раўковым крэсла хістаецца ці табурэт, ці яму там ужо ножкі падпілавалі – я вельмі сумняюся. Калі ён адпавядае тым крытэрам, якіх патрабуе ад яго прэзідэнт, то ён захавае сваё крэсла», – кажа Леанід Спаткай.

На меркаванне экспертаў, справа можа даць штуршок правядзенню маштабнага правярання ўва ўсіх вайсковых частках краіны, а таксама кадравага ператрусу. Аднак для рэальнага паляпшэння сітуацыі патрэбныя не проста закрытыя ад грамадскасці судовыя працэсы.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары