Аб'ектыў 11.09.2019 У Бабруйску збіраюць подпісы супраць будовы гандлёвага цэнтру


Гараджане супраць прадпрымальніка. Жыхары Бабруйску не вераць вынікам грамадскага абмеркавання і збіраюць подпісы супраць будовы гандлёвага цэнтру на месцы скверу.

Узімку ў шэрані, увосень у золаце – гэтым бярозам тры дзясяткі гадоў. Але на іх месцы неўзабаве можа паўстаць гандлёвы цэнтр.

«На заклік гарвыканкаму мы азелянялі гэтую тэрыторыю, азелянялі ля сваіх дамоў і стваралі гэты ўтульны куточак для сябе і для сваіх дзяцей».

«35 гадоў яны раслі. Іх садзіла грамадскасць пад кіраўніцтвам нашага былога дырэктара Кунца, ён нам ува ўсім дапамагаў», – узгадваюць мясцовыя жыхары.

Зямлю, на якой размяшчаецца сквер, 4 гады таму прадалі на аўкцыёне бабруйскаму прадпрымальніку Юрыю Воранаву. Пра тое, што ён сабраўся паставіць тут гандлёвы цэнтр, жыхары навакольных дамоў, кажуць, даведаліся ў пачатку жніўня – і адразу ж сабралі каля 800 подпісаў супраць будаўніцтва.

«Ён планаваў у гэтай краме на першым паверсе размясціць мэблевы салон, на другім – прадукцыю для дзяцей, вопратку», – тлумачыць збіральніца подпісаў Наталля Гудкоўская.

Перад аўкцыёнам грамадскага абмеркавання не праводзілі, а афіцыйным вынікам цяперашняга, паводле якога большасць прагаласавала за гандлёвы цэнтр (827 галасоў супраць 801), гараджане не паверылі.

«Я ўпэўнены, што калі пачаць разбірацца, то выявяцца злоўжыванні, бо я з цяжкасцю магу ўявіць 800 чалавек, якія сказалі б, што хочуць вырубіць дрэвы ў горадзе, бо ў нас іх тут вельмі шмат і яны нам не патрэбныя», – адзначае юрыст Алег Жалноў.

Найбольш абураюцца мясцовыя жыхары тым, што пра грамадскае абмеркаванне амаль не было інфармацыі. Прадпрымальнік Юрый Воранаў лічыць рэакцыю гараджанаў на будаўніцтва запозненай:

«Выбачайце, вы казалі на сустрэчы ў Русага, што не ведалі, калі ў нас аўкцыён. Атрымліваецца, вы нічога не ведалі, а калі пачынаецца будова, вы пачынаеце абурацца».

Цяпер мясцовыя жыхары працягваюць збіраць подпісы, і сабралі яшчэ каля 800.

«Спыняцца мы не будзем, таму што магчыма гэтыя подпісы дапамогуць нават адміністрацыі адстаяць нашыя правы», – кажа Наталля Гудкоўская.

Прадпрымальніку ж гараджане раяць пабудаваць гандлёвы цэнтр у іншым месцы:

«Як мінімум два раёны – Авіягарадок і Кісялевіча, – дзе неабходны гандлёвы цэнтр. Вось там сапраўды патрэбны насамрэч».

«Размаўляла з людзьмі, што жывуць на Георгіеўскім праспекце, у іх там няма гандлёвага цэнтру. Чаму там не пабудаваць для людзей?»

Такую ж прапанову падчас адкрытага паседжання горадабудаўнiчага савету агучыла і кіраўніцтва гораду.

Мясцовыя жыхары патрабуюць прыродаахоўнай экспертызы праекту, а таксама праверкі подпісаў за будаўніцтва гандлёвага цэнтру. Прадпрымальнік у сваю чаргу пагражае пайсці ў суд з патрабаваннем скампенсаваць выдаткі.

Алег Жалноў лічыць, што грамадскасць мае шанец адстаяць сквер:

«Кожны чалавек, які хоча, каб сквер застаўся, няхай звяртаецца ці праз электронны зварот на сайце гарвыканкаму ці адпраўляе ліст з простай фармулёўкай: я, такі і такі, хачу, каб сквер быў».

Калі такіх зваротаў будзе шмат, можна дамагчыся аднаўлення грамадскага абмеркавання і анулявання продажу надзелу.

Ірына Дарафейчук belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары