У Аўстраліі праходзіць найбуйнейшая ў свеце гонка самаробных электракараў


Больш за 40 камандаў з усяго свету сабралася на гонкі World Solar Challenge – самы прэстыжны заезд на электракарах з сонечнымі батарэямі, які цягнецца праз усю Аўстралію!

Больш за 3 тысячы кіламетраў, праз цэлы кантынент! У Аўстраліі праходзіць найбуйнейшая ў свеце гонка электракараў на сонечных батарэях! Арганізатар «Bridgestone World Solar Challenge» Крыс Сэлўуд кажа:

«Вецер пераменаў канцэнтруецца вакол глабальнага пацяплення, электрычных сетак. Яшчэ шмат чаго не хапае, шмат экалагічных пратэстаў. Гэтая падзея сёння больш актуальная, чым калі мы ўпершыню пабеглі на электракарах у 1987 годзе».

Цяпер жа праходзіць ужо 15-я гонка. Сёлета спаборнічаюць больш за 40 камандаў з усяго свету. Гэта перадусім студэнты сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў, якія адмыслова для гэтага івэнту самыя будавалі электракары. Удзельнікі імпрэзы дзеляцца ўражаннямі:

«Штогод я ў захапленні! З кожным годам машына ўсё лепшая! Студэнты ўніверсітэту мусяць за два гады спраектаваць і збудаваць аўтамабіль. Гэта ўражвае! І працы, на якія ўладкуюцца нашыя дзеці пасля заканчэння ўніверсітэту, – неверагодныя!»

«Мы з нецярплівасцю чакаем, калі сядзем у машыну, якую мы зрабілі. Каб пабудаваць яе, мы выдаткавалі два гады. Паедзем па шасэ Ст’юарта і праз усе гарады, а ўначы мы зможам паглядзець на неба і ўбачыць галактыку. Гэта тое, чаго мы больш за ўсё чакаем!»

Каманды мусяць рухацца поўны сонечны дзень, да пятай гадзіны, і заехаць настолькі далёка, наколькі здолеюць. Ноччу яны разбіваюць лагер і а восьмай раніцы працягваюць рух. У сярэднім электракары едуць з хуткасцю да ста кіламетраў за гадзіну. Мяркуецца, што шлях да фінішу большасці камандаў зойме тыдзень. Пакуль ідзе трэці дзень спаборніцтва, але каманда Галандыі ўжо вырвалася наперад. Кун Булён з каманды Нідэрландаў кажа – сакрэт у аэрадынамічнасці:

«Мы паспрабавалі зрабіць машыну сапраўды малой ды вельмі аэрадынамічнай, а аэрадынаміка – гэта самая вялікая частка вашых энергетычных выдаткаў, і я лічу, што гэта адна з прычынаў, чаму наш аўтамабіль – настолькі далёка наперадзе. Толькі таму, што ў нас маецца такая маленькая сонечная батарэя».

Папулярызацыя сонечных батарэяў і экалагічнага транспарту – мэта арганізатараў спаборніцтва. Але не ідэяй адзінай. Акрамя задавалення, за ўнёсак у развіццё бяспечнага наваколля фіналісты маюць шанец атрымаць працу ў буйных ІТ-кампаніях, між іншага, у Google.

Ян Вярбіцкі belsat.eu