У ахоўнай зоне Горадні знеслі ўнікальны 100-гадовы дом


У Горадні на досвітку будаўнікі на спецтэхніцы пачалі знішчаць вялікі драўляны дом пачатку 20 стагоддзя на рагу вуліцаў Валковіча і 17-га Верасня. Афіцыйная прычына – аварыйнасць будынку. Чаму гэтак рана, пакуль усе спалі? І ці мелі гарадскія ўлады права руйнаваць пабудову ў гістарычным цэнтры?

6-ая гадзіна раніцы. Цемра. Гістарычны цэнтр Горадні. Каля дому на вуліцы Валковіча, 23 з’явілася будаўнічая тэхніка. Пачалося руйнаванне драўлянага дому, пабудаванага ў пачатку мінулага стагоддзя.

«Ніхто не ведаў, што будуць зносіць. Гэта ўсё рабілася ў таямніцы ад грамадскасці, ад медыяў. Вы б зранку прачнуліся – як быццам нічога і не было».

«Я гэта ўспрымаю як асабістае гора. Гэта мой родны горад, і яго так па-варварску апошнія помнікі такім варварскім чынам разбураюць. Мы, нашыя дзеці, унукі пазбаўляюцца гістарычнай памяці. Гэта жахліва».

«Мне вельмі балюча глядзець на тое, як разбураецца горад, планамерна. Гэта проста страшна», – кажуць гарадзенцы.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Гэты дом у стылі расейскага драўлянага мадэрну сярод мясцовых краязнаўцаў і гісторыкаў лічыўся своеасаблівым сімвалам драўлянай архітэктуры Горадні. Такіх пабудоваў тут больш няма.

«Я разумею, што ён у дрэнным стане, яго не выратаваць, але хто давёў да такога стану? Горад? Горад давёў до такога стану?» – абураецца журналіст і краязнаўца Руслан Кулевіч.

Дом у гістарычным раёне Новы Свет прызналі аварыйным некалькі гадоў таму, жыхароў адсялілі. З таго часу будынак стаяў закінуты. Неабходнасць руйнавання старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой пракаментаваў выданню Hrodna.life наступным чынам:

«Мы разумеем, што людзі непакояцца, але дом быў у аварыйным стане. Яшчэ 15 гадоў таму ён вычарпаў свой канструктыўны рэсурс».

Паводле чыноўніка, новага ўладальніка абавяжуць узнавіць архітэктурнае аблічча старога будынку. Для гэтага перад руйнаваннем зрабілі фотаздымкі і чарцяжы дому. Але ці мелі права яго знішчаць?

Экс-намеснік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Аляксандр Мілінкевіч кажа:

«Асобыя правілы ёсць пры рэстаўрацыі, пры рамонтах такіх будынкаў. А пры руйнаванні ўвогуле трэба ўзгадняць такія рэчы. Жорстка парушаны закон. Тыдзень таму ўдакладненая была мяжа гістарычнай забудовы ахоўнай зоны праз Міністэрства культуры, і праз тыдзень гэтага будынку няма».

Гаворка пра пастанову, якая набыла моц 12 снежня і мае ахоўваць гістарычны цэнтр Горадні. Згодна з ёй, знішчэнне будынкаў, што ўваходзяць у склад гістарычна-культурніцкай каштоўнасці або размешчаныя на яе тэрыторыі, забараняецца.

Драўляны дом на вуліцы Валковіча не меў статусу гістарычна-культурніцкай каштоўнасці, аднак у ахоўную зону ўваходзіў.

Анастасія Русецкая belsat.eu