Аб'ектыў 05.12.2016 У адміністрацыі Лукашэнкі новы кіраўнік


Нарадзінец Аршаншчыны Аляксандр Косінец быў хірургам, рэктарам Віцебскага медуніверсітэту, потым адразу віцэ-прэмʼерам і старшынём Віцебскага аблвыканкаму. 5 гадоў таму атрымаў званне генерал-маёра, а нядаўна пачаў кіраваць адміністрацыяй кіраўніка дзяржавы.

ВІТАЛЬ ЦЫГАНКОЎ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК РАДЫЁ «СВАБОДА»:

«Аляксандр Косінец на гэтай пасадзе прабыў не так доўга, два гады, і паказаў, што не вельмі спраўляецца з гэтай працай менавіта таму, што, наколькі я ведаю і ёсць такія звесткі, ягоны стыль працы дастаткова аўтарытарны, не вельмі дружалюбны. Не вельмі ўдаецца яму на роўных кантактаваць з людзьмі».

У чыноўніцкім атачэнні пра Косінца казалі то з зайздрасцю, то са смехам, як пра занадта ліслівага падначаленага Лукашэнкі.

АЛЯКСАНДР КОСІНЕЦ:

«Народ зацікаўлены і разумее неабходнасць абрання тых асобаў, якія будуць адстойваць іх інтарэсы і займацца законатворчай дзейнасцю».

Аднак на пачатку лістапада Лукашэнка раскрытыкаваў Косінца за кепскую кадравую працу (не было кандыдатаў на кіраванне асноўнымі фабрыкамі ды заводамі) і за прыгнёт чыноўніцкай ініцыятывы.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Нам варта прынамсі з 1-га студзеня наступнага года прынцыпова змяніць сістэму працы і стыль працы Адміністрацыі прэзідэнта. Я ўвяду ў практыку а вы вазьміце на кантроль заслушванне, напрыклад, раз на квартал кіраўніцтва Адміністрацыі, якія прыйдуць да мяне і распавядуць новыя ідэі».

Не чакаючы студзеня, Лукашэнка звольніў Косінца, афіцыйна – дзеля пераводу на іншую пасаду, пакуль невядома, якую. Месца кіраўніка ў адміністрацыі заняў намеснік – юрыст Валерый Міцкевіч з Ліды.

ВІТАЛЬ ЦЫГАНКОЎ:

«Раней была традыцыя і ў савецкі час, і ў першыя часы Лукашэнкі вылучэнцы з Гарадзенскай вобласці не вельмі былі прадстаўленыя ў Менску. Зараз гэты пэўны перакос выпраўляецца, і, магчыма, што Міцкевіч займае найвышэйшую пасаду для выхадца з Гарадзенскай вобласці».

Валерый Міцкевіч быў старшынём суда Менскага раёну, пасля 2001-га года стаў намеснікам міністра юстыцыі ды ўваходзіў у Цэнтрвыбаркам. 12 гадоў таму з ягоным актыўным удзелам прайшоў рэферэндум аб працягненні паўнамоцтваў Лукашэнкі – практычна аб магчымасці пажыццёвага кіравання. Некаторыя палітычныя аглядальнікі звязваюць сённяшняе прызначэнне з ідэяй Лукашэнкі правесці яшчэ адзін рэферэндум, аб увядзенні 7-гадовага прэзідэнцкага тэрміну.

ВІТАЛЬ ЦЫГАНКОЎ:

«Юрыст Міцкевіч больш падыходзіць да нейкіх канкрэтных палітычных кампаніяў, чым такі выканаўца Косінец. Так што можна чакаць, што неабавязкова рэферэндум, але дастаткова сурʼёзная палітычная кампанія нас чакае».

Сярод іншага, Валерый Міцкевіч быў дырэктарам Нацыянальнага цэнтру заканадаўства.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: kp.by

Глядзі таксама
Каментары