Аб'ектыў 08.11.2018 У АДКБ дамовіліся павялічыць узаемныя пастаўкі зброі


Пра галоўную палітычную падзею дня – саміт АДКБ, у якім бярэ ўдзел Аляксандр Лукашэнка, паведамляецца чамусьці не шмат, хаця ў Астане сустракаюцца і кіраўнікі 6 краінаў, дыпламаты, а таксама кіраўнікі міністэрстваў абароны і службаў бяспекі. Усе сустрэчы – за зачыненымі дзвярыма.

Дамова аб калектыўнай бяспецы дзее ледзь не ад развалу Савецкага саюзу. Цяпер АДКБ яднае Расею, Арменію, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан. Узбекістан, Грузія і Азербайджан выйшлі з постсавецкага ваеннага клубу, у тым ліку, каб быць у большай бяспецы.

Калі Расея ўвяла войскі і баевікоў у Крым і на ўсход Украіны, змяніліся яе стасункі не толькі з Захадам, але з хаўруснікамі. Сённяшні саміт у Астане носіць тэхнічны характар, але дазваляе кіраўнікам краін-удзельніц абмеркаваць самае важнае.

«Там ёсць сур’ёзная тэма. Звязаная з тым, што сітуацыя ў рэгіёне пагаршаецца відавочна. Размяшчэнне базы ў Польшчы НАТА будзе абмяркоўвацца, хоць самой базы яшчэ няма… І будзе агульная дыскусія на тэму супрацьстаяння Расеі і Захаду, таму што гэта датычыць усіх чальцоў АДКБ », – кажа Андрэй Суздальцаў, палітолаг (Масква).

Беларусь і Расея разам адкажуць на ўзмацненне сілаў НАТА ў Польшчы – заявіў напярэдадні саміту Аляксандр Лукашэнка. Аднак расейскай авіябазы ў Беларусі не з’явіцца. Аляксандр Лукашэнка,

кіраўнік Беларусі:

«Мы гэтую базу не размяшчаем тут не таму, што мы хочам вам ці каму-небудзь паказаць, што мы суверэнныя і незалежныя. Мы яе не размяшчаем, таму што яна тут не патрэбная. Мы самыя, паводле ваеннага абарончага плану з Расейскай Федэрацыяй, забяспечым тыя функцыі, якія на нас ускладзеныя».

Хоць яшчэ 5 гадоў таму міністр абароны Расеі заяўляў, што пытанне вырашанае, і база будзе. А сёння ў Маскве кажуць, маўляў, не надта і хацелася. Андрэй Суздальцаў, палітолаг (Масква), каментуе:

«Я добра ведаю канву перамоўнага працэсу паміж Беларуссю і Расеяй, і такой тэмы няма. З 2015-га года мы гэтай тэмы не ўздымалі… У рэальнасці Беларусь прыкрывае з захаду Калінінградская вобласць. Там усё гэта ёсць: і авіяцыя, і ракеты».

У Менску таксама заяўляюць пра гатовасць эфектыўна адбіць любую ваенную пагрозу. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Калі НАТА будзе працягваць «запалохваць» нас, размяшчаючы базу «Форт Трамп» у Польшчы, або яшчэ якім-небудзь чынам, то Беларусі будзе патрэбная больш эфектыўная зброя, перш за ўсё ракетная. Хоць у апошні час (вы гэта назіраеце, мы не ўтойваем) мы стварылі сваю ракетную прамысловасць і зрабілі сваю высокадакладную ракетную зброю».

Лукашэнка мае на ўвазе ракетны комплекс «Паланэз», створаны ў супрацоўніцтве з Кітаем, які Беларусь ужо прадае ў Азербайджан. Расея, у сваю чаргу, паставіла ў Арменію свае ракетныя комплексы «Іскандэр». Арменія ўваходзіць у АДКБ і знаходзіцца ў стане вайны з Азербайджанам. Вось такі саюз, вось такі бізнес на зброі. Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі:

«Мы строга выконваем міжнародныя нормы і прынцыпы ў гэтай сферы. Пастаўляем узбраенне і ваенную тэхніку выключна ў інтарэсах бяспекі, абароны і барацьбы з тэрарызмам… Пры гэтым заключаюцца двухбаковыя кантракты ніколі не скіраваныя супраць трэціх краін, супраць інтарэсаў іх бяспекі».

На сённяшнім саміце планавалі датэрмінова выбраць новага генеральнага сакратара АДКБ замест Юрыя Хачатурава, якога ў роднай Арменіі абвінавачваюць у злачынствах супраць народа. На гэтую пасаду расейскія СМІ ўжо завочна «прызначылі» Станіслава Зася, сакратара Рады бяспекі Беларусі.

«Пасада сакратара зʼяўляецца тэхнічнай, і першую скрыпку ў АДКБ заўжды грае Расея. Таму хто б не ўзначальваў сакратарыят арганізацыі, наўрад ці ён моцна будзе ўплываць на яе рашэнні. І магчымасці праводзіць інтарэсы Беларусі праз АДКБ абмежаваныя», – каментуе палітолаг Алесь Лагвінец.

Аднак рашэнне адклалі да снежня, калі кіраўнікі краін АДКБ сустрэнуцца ў Санкт-Пецярбургу. Затое ўдзельнікі саміту дамовіліся павялічыць узаемныя пастаўкі зброі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары