У адказ на рэпрэсіі беларусы аб‘ядноўваюцца


Адмыванне грошай, ухіленне ад аплаты падаткаў і даванне хабару. Толькі на 15 дзень з моманту затрымання стала вядома, у чым абвінавачваюць Віктара і Эдуарда Бабарыкаў. А тым часам працягваюцца арышты паплечнікаў Бабарыкі. Як адрэагуе Еўразвяз на з‘яўленне палітвязняў? Ці будуць санкцыі, і ці будуць узмацняцца рэпрэсіі з боку ўладаў Беларусі?

Дэпартамент фінансавых расследаванняў затрымаў Алену Каргачову – сяброўку ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Яна была асабістай памочніцай экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» і працавала з ім 20 гадоў. У доме Віктара Бабарыкі тым часам пачалі трэці ператрус.

«Адбываецца ціск на блізкае атачэнне Віктара Дзмітрыевіча. Відавочна, што адбываецца ціск на штаб, на працу штабу, бо ўжо пацярпелі некалькі асобаў з ініцыятыўнай групы», – каментуе прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава.

Паводле справы «Белгазпрамбанку» у следчыя ізалятары змясцілі больш за 20 чалавек. Чацвярых з іх праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Агулам у спісе вязняў сумлення, складзеным праваабарончым цэнтрам «Вясна», ужо 22 асобы.

«Я, як прадстаўніца Швецыі, вельмі насцярожаная тым, што адбываецца падчас гэтай перадвыбарчай кампаніі, – гэта затрыманні, розныя перашкоды, якія ствараюць кандыдатам», – заявіла амбасадарка Швецыі Крыстына Юганнэсан.

Вызваленне палітвязняў і правядзенне справядлівых выбараў – ролік «Культпратэст» з такімі патрабаваннямі запісалі 27 беларускіх музыкаў, паэтаў і актораў.

«Людзей выкрадаюць людзі ў цывільным. Не прадставіўшыся, кідаюць у машыны без апазнавальных знакаў. Забіраюць блогераў, журналістаў, кандыдатаў, цяжарных жанчын, інвалідаў, проста людзей на вуліцы!»

«Я заклікаю спыніць адлоў людзей, як жывёлы. Я заклінаю апамятацца і выпусціць на свабоду нашых кандыдатаў».

«Тут цяпер не проста таталітарны рэжым, тут фашызм. Давайце разам скажам «стоп!» фашызму ў цэнтры Еўропы. Свабоду палітвязням!» – заклікаюць артысты.

На дапамогу вязням сумлення за сем дзён беларусы па ўсім свеце сабралі рэкордную суму – 105 тысяч долараў. Збор сродкаў працягваецца. Каму яны пойдуць?

«У першую чаргу мы аддаем перавагу тым, хто ў першы раз патрапіў пад штрафы або на содні, або тым, хто паходзіць з рэгіёнаў. У абодвух выпадках тут псіхалагічны момант. Калі чалавек першы раз патрапіў, то яму страшна. Гэта ўдар па галаве, удар па псіхіцы. А ў рэгіёнах ёсць адчуванне, што застаешся сам-насам з сістэмай», – кажа каардынатар кампаніі #BY_HELP Аляксей Лявончык.

Фаварыт прэзідэнцкай гонкі за кратамі, аднак палітычная кампанія працягнецца нават пасля выбараў. Прадстаўнікі штабу Віктара Бабарыкі абмеркавалі з экспертамі, палітыкамі ды грамадскімі актывістамі, як правесці рэферэндум аб вяртанні Канстытуцыі да рэдакцыі 1994 года.

«Так, мы разумеем, што гэта можа не атрымацца. Калі гэтага не атрымаецца, у нас ёсць іншыя ініцыятывы, іншыя дзеянні, якія будуць рабіцца», – абяцае юрыст штабу Віктара Бабарыкі Максім Знак.

«Пажадана людзей аб’ядноўваць вакол канкрэтных справаў. І справаў такіх, у якіх ёсць рэальныя шанцы давесці справу да канца: адмяніць нешта або наадварот, нешта кудысьці ўнесці. Няхай гэта будзе на самым мясцовым, невысокім узроўні. Людзям бракуе досведу маленькіх перамогаў», – раіць палітолаг Сяргей Нікалюк.

Тым часам у байнэце стартаваў новы флэшмоб #пропалаподпись – ужо больш за сотню беларусаў апублікавалі ў сацсетках здымкі са сваімі аўтографамі. Гэтак, прыхільнікі Віктара Бабарыкі пратэстуюць супраць рашэння Цэнтрвыбаркаму адбракаваць дзвесце тысяч подпісаў з трохсот шасцідзесяці пяці тысячаў, сабраных кандыдатам. З якой прычыны подпісы прызналі несапраўднымі, – каманда Лідзіі Ярмошынай з ЦВК тлумачыць адмовілася.

Аляксандр Папко, «Белсат»