Тысячы жыхароў Судану святкуюць канец 30-гадовага кіравання прэзідэнта Умара аль-Башыра


У Судане, дзяржаве, якую беларускае кіраўніцтва называла стратэгічным партнёрам, адбыўся вайсковы пераварот. Ці разам з суданскім дыктатарам Умарам аль-Башырам адыдуць у нябыт надзеі беларускага кіраўніцтва зрэалізаваць у Судане кантракты на 250 мільёнаў долараў? Якія шанцы зарабіць мае Менск у іншых краінах Афрыкі?

«Ён сыходзіць! Слава Алаху!» – скандуюць жыхары Хартуму ля брамы Міністэрства абароны. Умар аль-Башыр, які жалезнаю рукою кіраваў Суданам 30 гадоў, адхілены ад улады.

Ахмэд Аўад ібн Ауф, міністр абароны Судану:

«Мы абвяшчаем спыненне агню па ўсім Судане і неадкладнае вызваленне ўсіх палітычных зняволеных. Гэта створыць атмасферу для мірнага пераходу ўлады і арганізацыі палітычных партыяў, правядзення свабодных выбараў напрыканцы пераходнага перыяду і прыняцця новай Канстытуцыі».

Прэзідэнта і шэраг чыноўнікаў сілавікі арыштавалі. Перавароту папярэднічалі тры з паловаю месяцы масавых пратэстаў, якія ўспыхнулі з-за павышэння цэнаў на хлеб і дэфіцыту паліва.

Усяго за 9 дзён да пачатку хваляванняў аль-Башыр наведаў Менск. У супрацы з ім Аляксандр Лукашэнка бачыў вялікія перспектывы (10.12.2018):

«З мэтаю паляпшэння разлікаў ва ўзаемным гандлі мы дамовіліся здабываць золата на вашай тэрыторыі. Вашыя нетры вельмі багатыя гэтым металам».

Золатам ахоплены крызісам Судан планаваў расплаціцца за пастаўленыя Менскам трактары ды сталь. Іх у мінулым годзе прадалі на 12 мільёнаў долараў. Пяць гадоў раней экспарт раўняўся 70-мі мільёнам, з якіх 50 адносіліся да гэтак званых закрытых пазіцыяў. Яўген Красулін, палітолаг:

«Галоўнае патрабаванне пратэстоўцаў, пры ўсёй іхнай эйфарыі ды вітанні вайскоўцаў, – гэта ўтварэнне цывільнага ўраду з прадстаўнікамі апазіцыі. Калі гэта адбудзецца, то тыя праекты, якія падпісваліся і планаваліся, будуць пад вялікаю пагрозаю».

Судан разам з Егіптам, Алжырам і Зімбабвэ беларускія дыпламаты адносяць да ключавых дзяржаваў гэтак званай дальняй дугі. У далёкія краіны Азіі ды Афрыкі Лукашэнка загадаў экспартаваць да траціны беларускай прадукцыі. Дырэктар BISS Пётр Рудкоўскі:

«Тут ужо дзейнічае звычайная прагматыка. Канечне, не любою цаною – так, як у мінулай дэкадзе Беларусь пастаўляла зброю насуперак забароне Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў».

Зрынуты вайскоўцамі Умар аль-Башыр сам некалі прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту. Больш за дваццаць гадоў Судан пражыў пад міжнароднымі санкцыямі – за падтрыманне тэрарызму ды этнічныя чысткі на поўдні краіны, а Міжнародны крымінальны суд абвесціў аль-Башыра ў вышук.

«Рэжымы недэмакратычныя – яны, як правіла, акурат няўстойлівыя. І калі мы звязваемся з такімі рэжымамі, відавочна, мы ступаем на слізкую сцяжынку рызыкоўных інвестыцыяў, з якімі правільна было б адразу развітацца», – кажа Яўген Красулін.

Іншыя ключавыя партнёры Менску ў Афрыцы таксама не аднясеш да стабільных і паспяховых. Дыктатара Зімбабвэ Робэрта Мугабэ вайскоўцы адхілілі ад улады ў лістападзе. А ягонага алжырскага калегу Абдэлязіза Бутэфліку рэвалюцыя змяла ўсяго 9 дзён таму.

Аляксандр Папко, belsat.eu