Тысячы за перамены


Журналістаў Змітра Міцкевіча і Дзяніса Дзюбу сілавікі зацягнулі ў аўтамабіль ды адвезлі ў пастарунак. Гэтак скончылася сённяшняя жывая трансляцыя «Белсату» з Маладзечна.

Затрымалі таксама і нашага аператара Алеся Сіліча – разам з журналісткаю Марыяй Арцыбашавай ён вяртаўся ў Менск, калі яго спынілі працаўнікі ДАІ. Падчас шматлюднай сустрэчы са Святланай Ціханоўскай мясцовыя ўлады планавалі зладзіць і дэманстратыўны дэмарш з удзелам працаўнікоў бюджэтнай сферы, аднак у выніку адмовіліся ад гэтай ідэі.

«Людзі хочуць выйсці – нібыта ім нецікава. Мы ўсё адно вам удзячныя, што вы прыйшлі хаця б на 10-15 хвілін. Магчыма, у вас зменіцца меркаванне», – кажа Святлана Ціханоўская, кандыдатка на прэзідэнцтва.

Агулам жа па перамены на гарадскі стадыён Маладзечна прыйшлі тысячы людзей. Вось што распавялі жыхары Маладзечна:

«Я не хачу сказаць, што мне вельмі кепска. Што я бедны, што я нешчаслівы, не. Мне нармальна. Але я лічу, што перамены мусяць быць».

«Спадабалася, натхніла вельмі. Было прыемна пабачыць прыгожых жанчын, якія кажуць адэкватныя рэчы, якія мы не чулі і па якіх мы засумавалі за столькі гадоў».

«Нават мурашы ад такой колькасці людзей. Ад таго, што розныя ўзросты. Усе разумеюць, што такое жыццё далей немагчымае. Жывем у цэнтры Еўропы, а ў нас дыктатура».

А гэтак кандыдатку на прэзідэнцтва крыху раней сустракалі ў Смаргоні – агулам на сустрэчу з Святланай Ціханоўскай у гэтым раённым цэнтры прыйшлі каля тысячы жыхароў.

«Я ахвяравала спакойным сямейным жыццём. Я ахвяравала не толькі дзеля сябе, але і дзеля вас усіх!», – кажа Святлана Ціханоўская, кандыдатка на прэзідэнцтва.

Трэцім горадам на маршруце Ціханоўскай была Ліда. Як і падчас ранейшых спатканняў з выбарнікамі, каманды абʼяднаных штабоў заклікалі прыходзіць на выбары ў асноўны дзень галасавання, а таксама бараніць свой голас. Сёлета, бадай, упершыню гэта давядзецца рабіць без міжнароднай дапамогі: улады не запрасілі на выбары назіральнікаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ.

«Мы глыбока шкадуем, што АБСЕ не будзе мець магчымасці скіраваць назіральнікаў на гэтыя выбары. Я думаю, што сябры Беларусі, якія жадаюць бачыць краіну паспяховай, таксама хочуць бачыць і магчымасць для грамадзянаў Беларусі падаць свой голас у цяперашнім выбарчым працэсе», – лічыць Джордж Кент, намеснік памочніка Дзяржсакратара ЗША.

Адрэагавалі на апошнія падзеі ў Беларусі і нашыя ўсходнія суседзі. Паводле Дзмітрыя Пяскова, прэс-сакратара прэзідэнта Расеі, Крэмль не ўмешваўся і не ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі, а ў Маскве спадзяюцца, што выбары ў нашай краіне пройдуць паспяхова.

Віталь Бабін, «Белсат»