Тысячы пілігрымаў прыйшлі ў Будслаў


Ані пахаладанне, ані дождж не паўплывалі на намеры вернікаў. Тысячы паломнікаў прыбылі ў Будслаў – аграгарадок у Мядзельскім раёне Беларусі, – каб ушанаваць абраз Маці Божай. У традыцыйным штогадовым фэсце, забароненым пры камунізме ды адноўленым у 1992-ім годзе, бралі ўдзел не толькі беларускія католікі.

Паводле легенды, роўна 430 гадоў таму ў Будславе вернікам з’яўвіўся вобраз Найсвяцейшай Панны Марыі. З таго часу вёска стала галоўным аб’ектам паломніцтва ў Беларусі. І, хоць Будслаўскі фэст арганізоўвае Касцёл, на ім радыя прадстаўнікам усіх хрысціянскіх канфесіяў. Мерапрыемства мае быць сімвалам беларускага адзінства і рэлігійнай талерантнасці.

«Як маці заўжды абʼядноўвае ўсю сямʼю, дзяцей, якія жывуць далёка: адзін інжынер, другі – рабочы, трэці – міністр, можа, але да маці ўсе едуць аднолькава. Таксама і тут прыходзяць людзі розных канфесіяў, але яны прыходзяць да сваёй маці», – сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.

І людзі ідуць да Маці Божай Будслаўскай не толькі на малітву. Сам фэст ужо выйшаў па-за межы папросту рэлігійнага мерапрыемства.

«Сюды ідуць людзі, вядома, каб свае малітвы занесці да Бога, але таксама, каб пабыць адзін з адным, каб пабачыць сваіх аднадумцаў. Тут гучыць беларуская мова, тут можна пабачыць людзей у вышыванках, вышымайках, то бок гэта такая выспа беларушчыны», – кажа музыка Андрусь Такіданг.

Сёлета фэст прысвечаны 20-годдзю каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. Нягледзячы на моцны дождж, тысячы людзей сабраліся напярэдадні на начную малітву перад касцёлам Найсвяцейшай Панны Марыі.

«Гэта вялікая ласка – сюды прыехаць і тут быць, каб праславіць Маці Божую».

«Тут ужо больш за 500 год збіраюцца людзі, просяць заступніцтва ў Божай Маці. Тут такая энэргетыка!»

«Адсюль сыходзіш з натхненнем, з жаданнем жыць».

«Дай Бог, каб і надалей тут усе сустракаліся. І на Беларусі Бог жыве», – кажуць наведнікі фэсту.

Штогод у Будслаў пілігрымы ідуць – кожны з уласнаю мэтай ды са сваёй малітваю на сваёй мове: хтосьці хоча заглыбіцца ў сябе, а нехта шукае справядлівасці. Сярод апошніх і маці асуджанага напярэдадні фэсту за абарону Курапатаў Паўла Севярынца.

«Я ўжо прасіла шмат каго, і я самая цяпер сяджу чакаю імшу, і я буду маліцца перш за ўсё за сына, за абаронцаў Курапатаў, за тое, каб Бог паказаў свой лік, а ён можа быць вельмі суворы, вось гэтым пачварам. Каб яны адчулі і здрыгануліся: што яны робяць ад гэтага», – кажа Таццяна Севярынец.

Два гады таму Будслаўскі фэст быў уключаны ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Нейкі час забароненая, цяпер гэтая імпрэза заняла пачэснае месца ў гісторыі ды грамадскім жыцці Беларусі.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu