Аб'ектыў 05.06.2017 Тысячы беларусаў просяць МВФ не даваць крэдыту Лукашэнку


$ 3 млрд, якія маячаць на гарызонце больш за два гады, але ўсцяж недасягальныя. У Менску распачалася чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду. Улады Беларусі будуць абмяркоўваюць з дэлегатамі і доўгачаканы крэдыт.

«Я проста хачу папярэдзіць вас, мужыкі, тыя, хто вядуць гэтыя перамовы, калі вы хочаце перакрэсліць усё, што было зроблена народам і прэзідэнтам за 20 гадоў, то гэтага не атрымаецца», – папярэджваў Аляксандр Лукашэнка.

Як жа зрабіць амлет, не разбіваючы яек?

Ці магчыма і грошы атрымаць, і не надта змяніць існую эканамічную сістэму? МВФ у першую чаргу патрабуе ад Менску карэнных рэформаў у дзяржсектары. Чвэрць прадпрыемстваў у эканоміцы – стратныя, гэта 416 арганізацыяў, сярод якіх і прамысловыя гіганты.

Перспектывы новай запазычанасці некаторыя беларускія эканамісты і палітыкі ацэньваюць скептычна. Не выключаюць, што частка сродкаў можа пайсці на «сацыяльны подкуп» насельніцтва, якое сёлета шумна выказвала незадаволенасць эканамічнаю палітыкай.

Беларусы просяць не даваць

У тым, што даваць крэдыт не варта, упэўнены актывіст Дзяніс Казакевіч, а таксама 3 500 падпісантаў ягонай петыцыі да МВФ. Беларус перадаў дырэктару еўрапейскага офісу МВФ Джэфры Фрэнксу зварот дзе заяўляе, што ў Беларусі няма вяршэнства права, а таму ніякія знешнія інвестыцыі не могуць быць эфектыўнымі.

З гэтаю думкаю пагаджаецца і палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі, які мяркуе, што без замежнага фінансавання Беларусь цяпер не абыдзецца. Хаця б таму, што трэба расплочвацца па ранейшых крэдытах, вонкавая пазыка на 1-га траўня склала амаль Br 36 млрд.

«Альтэрнатыва дэ факта такая: ці ў Расеі браць грошы, а Расея дае пад большы працэнт, а па-другое Крэмль выстаўляе і палітычныя ўмовы, не заўсёды яны прагаворваюцца, але могуць быць вельмі дыскамфортнымі для нашага суверэнітэту. А МВФ, хоць Лукашэнка часам і прагаворваецца, што гэтыя імперыялісты «хочуць узяць нас за гарляк», насамрэч Расея хоча ўзяць за гарляк»,– зазначыў спадар Класкоўскі.

Зрэшты, адліга ў дачыненнях з Расеяй і адпаведна фінансавыя бонусы з усходу і так ужо дадалі ўпэўненасці афіцыйнаму Менску. Таму, мяркуюць эксперты, сёлета крэдыту МВФ хутчэй за ўсё і не будзе. Але налета Беларусь мае выплаціць амаль $ 3 млрд., дзяржаўнага доўгу і патрэба ў грошах фонду стане вастрэйшай.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары