Тых, хто загінуў у нацысцкіх канцлагерах, сёння ўшаноўвае ўвесь свет


Роўна 74 гады таму Чырвоныя Армія вызваліла нямецкі нацысцкі канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц. Угодкі гэтай падзеі ў 2005-ым годзе Генеральная Асамблея ААН зрабіла Міжнародным днём памяці пра ахвяраў Галакосту. Ва ўсім свеце сёння згадваюць габрэяў забітых падчас Другой сусветнай вайны.

Неўтаймаваны боль адчуваецца тут сёння надзвычай моцна. «Палата Галакосту» ў Ерусаліме – гэта сімвалічныя могілкі ахвяраў вынішчэння габрэйскага народу.

Агарон Сэйдэн, куратар «Палаты Галакосту»: «Пасля таго, як тысячы габрэяў, якія перажылі Галакост, пераехалі ў Ізраіль як уцекачы, была пабудаваная «Палата Галакосту» – як сімвалічныя могілкі. Як месца, дзе можна прыйсці ды плакаць па чальцах сям‘і, якія загінулі падчас Галакосту».

Тых, хто загінуў у нацысцкіх канцлагерах, сёння ўшаноўвае ўвесь свет. У Горадні, дзе існавалі два гета, зладзілі адмысловую экскурсію-інсцэнізацыю. Выступілі і сведкі жахлівых ваенных падзеяў. У Берасці прайшла экскурсія па месцах, звязаных з габрэйскаю супольнасцю гораду.

Вольга Малафеечава, экскурсавод: «Габрэі складалі каля 50 адсоткаў насельніцтва даваеннага Берасця. Можна сказаць, што горад пасля ліквідацыі гета напалову спусцеў».

У снежні 1941-га года большасць берасцейскіх габрэяў немцы перасялілі на закрытую тэрыторыю, якую выдзелілі ў цэнтры гораду. Прозвішчы вязняў гета – шырока вядомыя ў свеце.

Іван Чайчыц, краязнаўца: «Маці прэм’ер міністра Ізраіля Мэнахема Бэгіна таксама загінула ў берасцейскім гета. І невядома – загінула яна на Броннай гары або была забітая тут у Берасці, аб гэтым гісторыя маўчыць».

У савецкі час на месцы гета пачалі будаваць шматпавярховыя жылыя дамы.

Іван Чайчыц, краязнаўца: «Тут высветлілася, што многія катлаваны, калі сталі капаць пад будаўніцтва шматпавярховых дамоў, трапілі на вось гэтыя расстрэльныя ямы. Таму няма нічога дзіўнага, калі вось тут на гэтай будоўлі, якая цяпер размешчаная за намі, таксама будуць знойдзеныя парэшткі вязняў берасцейскага гета».

У перыяд з 15-га да 18-га кастрычніка немцы ліквідавалі гета ў Берасці цалкам. Выжылі менш як 20 чалавек. Мяркуецца, што ад рук нацыстаў на тэрыторыі Беларусі загінулі больш за два мільёны габрэяў, ва ўсёй Еўропе – каля шасці мільёнаў.

Ганна Мордань, «Белсат»