Тыдзень Швецыі. Менчукі вучыліся скандынаўскай хадзе


Каб быць здаровым, не абавязкова наведваць спартовую залу. Можна проста хадзіць. Надзвычай карысная – скандынаўскай хада. Але пакуль мала хто з беларусаў ведае пра яе. Таму ў межах Тыдня Швецыі і было вырашана пазнаёміць менчукоў са асаблівасцямі гэтай актыўнасці.

Скандынаўская хада – а менавіта гэтак завецца такі шпацыр – хутка распаўсюджваецца па Беларусі. А для тых, хто яшчэ не разабраўся, чаму скандынаўская, чаму хада і навошта гэтыя кійкі, у межах Тыдня Швецыі правялі тлумачальны майстар-клас з трэнаваннем.

Актыўнаму адпачынку ў Менску вучылі Цэнтр актыўнага даўгалецця і Пасольства Швецыі. Тут былі дзясяткі людзей, як пачаткоўцы, гэтак і аматары скандынаўскае хады з вялікім стажам. Усе яны – узросту 50 плюс, але гэта зусім не значыць, што такая актыўнасць пасуе толькі сталым людзям.

Аляксандр Мех, трэнер скандынаўскай хады:

«Яна карысная тым, што ўзбагачае нашую фізічную актыўнасць, падключае верхнюю частку цела да актыўнай хады. Мы, абапіраючыся на палкі, штурхаючыся, узмацняем усе цягліцы груднога аддзелу, цягліцы спіны, тым самым павялічваем пульсавую нагрузку і атрымліваем добрую кардыёнагрузку для нашага арганізму».

У тэарэтычнай частцы Аляксандр распавёў не толькі пра скандынаўскую хаду, але і пра іншыя віды актыўнасці з кійкамі, пра іх адрозненні ды на што скіраваная кожная з іх. Практычная ж частка стала завяршальнай. З заняткаў – адразу на вуліцу. На актыўны шпацыр.

Наталля Маразевіч, удзельніца імпрэзы:

«Ведаю, што гэта стымулюе фізічны і псіхалагічны стан, а гэта вельмі неабходна цяпер у нашых умовах і ў маім узросце – падтрымліваць сябе ў добрым настроі і ў добрым фізічным стане».

Таксама Наталля распавяла, што ў маладосці актыўна займалася лёгкай атлетыкай, але з узростам гэта стала складана, таму яе і зацікавіла менавіта скандынаўская хада, бо форму падтрымліваць важна ў любым узросце. Цяпер жанчына асвойвае новую для сябе актыўнасць.

Скандынаўская хада таксама змяншае ціск на хрыбетнік і калені. Паляпшае працу сэрца і лёгкіх. Магчыма, таму яна і зрабілася вельмі папулярная сярод людзей сталага веку.

Тыдзень Швецыі прымеркавана да Дня Швецыі, які святкуецца на плошчы Свабоды 1-га чэрвеня, бо ў адзін дзень аказалася немагчымым зладзіць усе запланаваныя імпрэзы. Гэта выстава «Вольва Кар Менск», паказы шведскіх кінастужак, прэзентацыя кнігі «Звяры, якіх не бачыў ніхто апроч нас», а таксама канцэрты.

Марыя Арцыбашава, belsat.eu