Тыдзень да завяршэння збору подпісаў


Подпісы за прэтэндэнтаў на кандыдатаў збіраюць ужо больш як тры тыдні, а ахвотныя аддаць голас «супраць аднаго» ўсцяж ёсць ды нават збіраюцца ў чэргі, хоць і не такія вялікія, як у пачатку кампаніі. У цэнтры Віцебску прайшлі пікеты для збору подпісаў за Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу.

«За лепшае жыццё ў Беларусі».

«Мы хочам, проста каб прайшлі чэсныя выбары».

«Ужо гэтая стабільнасць, якая для аднаго чалавека не задавальняе. Хочацца, каб у дзяцей была будучыня, праца годная, зарплата».

«Лукашэнка павінен сысці, але гэта будзе цяжка зрабіць, бо ён хворы на ўладу», – кажуць жыхары Віцебску.

Сітуацыю з «Белгазпрамбанкам» і выказванні кіраўніка краіны пра патэнцыйных канкурэнтаў віцябляне ацэньваюць адзінагалосна:

«Улады адчуваюць, што гэта сур’ёзныя кандыдаты і народ іх падтрымлівае».

«Каб не было проста канкурэнтаў, гэта ж зразумела».

«Той чалавек, які пайшоў супраць волі, пачынае не задавальняць уладу».

«Сцэнар такі, што ідзе запалохванне кандыдатаў і нас, людзей».

«Я не веру ў тое, што Цапкала, Ціханоўскі, Бабарыка ў чымсьці замяшаныя: гэта проста брудная палітыка, і ўсё».

Падобных меркаванняў прытрымліваюцца і менчукі. Подпісы за Віктара Бабарыку збіраюць ля Камароўкі.

«Лукашэнка адчуў моцнага канкурэнта і таму на яго наехаў».

«Адкрываюцца скрынкі Пандоры на кожнага. Спачатку гэта быў Ціханоўскі, цяпер Бабарыка, магчыма, наступны будзе яшчэ адзін з кандыдатаў, які не задавальняе і на слыху ўва ўсіх».

«Гэтыя людзі могуць пацярпець з высокаю доляй верагоднасці. Можа, і сам Бабарыка», – мяркуюць жыхары Менску.

Паводле афіцыйнай старонкі Віктара Бабарыкі, за ягоную рэгістрацыю ў якасці кандыдата на прэзідэнцтва сабралі 335 тысяч подпісаў, а 75 тысячаў ужо перадалі ў раённыя выбарчыя камісіі.

«На самавольства, пагрозы і ціск, якія цяпер аказваюцца, нашыя сябры ініцыятыўнай групы адказалі ўдарнай працай, і таму, падобна, мы будзем актыўнічаць не да 15-га, як меркавалася раней, а да 19-га», – паведаміў Віктар Бабарыка.

Святлана Ціханоўская выправілася ў паездку па краіне, каб здаваць сабраныя подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі. У шмат якіх раёнах Беларусі няма каардынатараў ейнай ініцыятыўнай групы, а некаторыя, у тым ліку кіраўнік групы Сяргей Ціханоўскі, затрыманыя.

Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на прэзідэнцтва працягнецца да 19-га чэрвеня.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»