«Ты сядзіш у душнай камеры, набітай людзьмі». У беларускіх турмах пануе каронавірус


Актывістку ды сяброўку Каардынацыйнае рады Святлану Гатальскую ў кастрычніку асудзілі на 15 содняў. Арышт яна адбывала ў жодзінскай турме. Ужо ў той час людзі скардзіліся на антысанітарныя ўмовы.

«Вельмі маленькае абмежаванае памяшканне, якое не праветрываецца, дзе вы ўсе разам. Калі мы выходзілі, калі нас, напрыклад, выводзілі на шпацыр, мы апраналі маскі. Але хутчэй ахоўнікі абаранялі сябе», – узгадвае сяброўка Каардынацыйнае рады Святлана Гатальская.

Па вызваленні Святлана даведалася, што некалькі ейных сукамерніц і каляжанак з іншых камераў маюць станоўчы вынік тэсту на каронавірус. Дзяўчына намерылася праверыцца сама.

«Зрабіла тэст на антыцелы – ён быў станоўчы. Паводле выніку я магу зрабіць выснову, што перахварэла на вірус у турме. Я не адчувала ніякіх сімптомаў. Толькі калі мы былі ў халоднай камеры, да ўмыкання ацяплення, у мяне былі прыкметы прастуды», – кажа Святлана.

Музыка Павел Аракелян, якога затрымалі 7 лістапада пасля вулічнага канцэрту і асудзілі на 15 содняў, якія ён правёў у турмах Жодзіна і Магілёва, распавёў выданню «Наша Ніва» пра жахлівае стаўленне падчас пандэміі да здароўя людзей у месцах зняволення:

«Яны ведаюць, што робяць. Вы п’яце з аднаго кубка на ўсіх, няма гарачае вады. Робіцца ўсё для таго, каб як мага больш людзей выйшлі адтуль з кавідам».

З сімптомамі каронавіруснага захворвання з Баранавіцкага СІЗА пасля 15 содняў выйшаў наш калега Арцём Лява. Цяпер ён застаецца ў самаізаляцыі ды чакае вынікаў тэсту.

«Калі ўжо знікае ў людзей рэзка пах, то кажаш доктару: «Вось канкрэтны сімптом, зрабіце што-небудзь». А ён адказвае: «У нас усе кашляюць», – зазначае журналіст-фрылансер Арцём Лява.

На думку палітычнага аглядальніка Віталя Цыганкова, у дзеяннях уладаў, відавочна, прасочваецца абыякавасць да магчымасці захворвання затрыманых на COVID-19.

«Адсутнасць усялякіх санітарных нормаў, нават у час самы звычайны, не ковідны, – гэта б было парушэннем: калі ў людзей з матрацамі праблемы, з асабістай гігіенай праблемы. А цяпер гэта ўсё падкрэсліваецца. Улады сапраўды быццам бы кажуць: раз ужо патрапілі, то вельмі вялікая верагоднасць, што вы захварэеце, так вам і трэба», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Медыкі сцвярджаюць, што ва ўмовах зняволення немагчыма засцерагчыся ад захворванняў, бо не выконваюцца нават элементарныя правілы ў часе пандэміі: дыстанцыянаванне, нашэнне масак ды мыццё рук. Каб сітуацыя ў турмах змянілася, туды павінны атрымаць доступ медычныя работнікі і эпідэміёлагі. Але ў сённяшніх палітычных умовах Беларусі гэта наўрад ці магчыма.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!