«Ты лекуеш адно, але калечыш іншае». Як у Беларусі жывуць хворыя на сухоты


Займець смяротны дыягназ у 14 гадоў. Дзіяна спазнала гэта з уласнага досведу. На школьным медычным аглядзе ў дзяўчыны выявілася пашыраная манту. Як вынік, у 2009 годзе яна амаль 9 месяцаў правяла ў спецыяльным шпіталі.

«Спачатку ў мяне была вельмі вялікая прага да жыцця, таму што самі разумееце – 14 гадоў, я паклалася ў больніцу, і я нават не думала, што траплю туды. Зусім новае жыццё. Я адарваная ад дому. У мяне пад пытаннем хвароба, ад якой раней не было ўвогуле лекаў», – кажа дзяўчына.

Хвароба даволі моцна на адбілася на здароўі Дзіяны:

«Ты лекуеш адно, але калечыш іншае. На жаль, гэта на мне адбілася такім чынам, у мяне выпалі валасы, не ўсе, звычайна. І таксама моцна паўплывала на жаночае здароўе».

Праваабаронца Сяргей Усцінаў таксама раптоўна даведаўся пра свой дыягназ больш за 20 гадоў таму, калі праходзіў медкамісію для вучэльні.

«Скаргаў аніякіх не было, аніяк гэта не праяўлялася. Пакашліванні былі рэдка. Я схуднеў, але не моцна. На гэта ўвагі не звяртаеш, калі малады, нармальна ўсё», – прыгадвае мужчына.

Змаганне з хваробай цягнулася тры гады, у выніку мужчына страціў адно лёгкае. Цяпер Сяргей вельмі сур’ёзна ставіцца да ўласнага здароўя.

«Калі побач са мной у чарзе ці ў краме нехта кашляе ці чхае, у мяне паніка, і я адразу адыходжу ад гэтага чалавека. Настолькі гэта адбілася на маім жыцці», – тлумачыць ён.

Паводле статыстыкі Сусветнай арганізацыі здароўя, у Беларусі колькасць выпадкаў сухотаў значна скарацілася за апошняе дзесяцігоддзе. У 2019 годзе было зарэгістравана амаль 1789 новых выпадкаў. У 2009 годзе гэтая лічба складала 4633 чалавек. Галоўная праблема ў тым, што 37 % новых выпадкаў – гэта мультырэзістэнтны туберкулёз, які складана лячыць. Але менавіта таму цяпер хвароба ў Беларусі даволі эфектыўна лекуецца.

«На працягу 40 гадоў у свеце не было знойдзена аніводнага супрацьсухотнага лека. Калі яны з’явіліся, Беларусь стала адной з першых краінаў, якія гэтыя лекі атрымала», – кажа прадстаўнік Сусветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Вячаслаў Гранькоў.

Сухоты застаюцца адной з дзесяці галоўных прычынаў смерцяў у свеце. Штодзень ад іх памірае каля чатырох тысячаў чалавек. Як распазнаць гэтую хваробу?

«Падобныя да сімптомаў звычайных вострых рэспіраторных вірусных захворванняў. Звычайна працягласць гэтых сімптомаў – яна больш значная. Гэта значыць, калі чалавек кашляе больш за два тыдні – трэба звярнуць увагу», – тлумачыць адмыслоўца.

Найлепшай прафілактыкай сухотаў лічыцца дбанне аб сваім здароўі ды павышэнне імунітэту. Для дзяцей існуе адмысловая прышчэпка – БЦЖ. Рэгулярныя абследаванні дапамогуць своечасова выявіць хваробу.

Ксенія Тарасевіч, «Белсат»