Творчая інтэлігенцыя за Віктара Бабарыку


Зміцер Сурскі, беларускі мастак, дызайнер шырокага поля дзейнасці. Выказаць салідарнасць з затрыманымі ён наважыўся, не зважаючы на магчымыя наступствы, якія ўжо зазналі дзясяткі вядомых і не вельмі беларусаў, якія падтрымалі палітвязняў. Мастак мяркуе, што ўнёсак бацькі і сына Бабарыкаў у беларускую культуру настолькі значны, што бараніць яго – гэта неадкладны абавязак сумлення ўсіх творчых людзей краіны.

– Гэты зварот, на мой погляд, зроблены вельмі карэктна, вельмі дыпламатычна і менавіта такім чынам, каб не нашкодзіць спадару Бабарыку, – зазначае спадар Сурскі. – Гэты чалавек насамрэч вельмі шмат зрабіў. І тое, што датычыць усіх ягоных і «Арт-Менску», і «Восеньскага салону» і, канечне, стварэння калекцыі. Гэта папросту беспрэцэдэнтная рэч.

У адкрытым лісце падкрэсліваецца значнасць арыштаванай калекцыі для нашай краіны і зняпраўджваюцца абвінавачанні ў рыхтаванні яе вывазу за мяжу.

«Яна, гэтая калекцыя, была ў публічнай дасяжнасці ды мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасці. Таму інсінуацыі ў прэсе на тэму падрыхтоўкі да вывазу за мяжу лічым недапушчальнымі. Яны падрываюць давер да дзяржаўных СМІ. Мы лічым, што заслугі перад грамадствам і дзяржавай, станоўчая рэпутацыя Віктара ды Эдуарда Бабарыкаў вартыя таго, каб не абмяжоўваць іхнай волі», – кажацца ва ўрыўку са звароту мастакоў.

Па ініцыятыве Віктара Бабарыкі за апошнія дзесяць гадоў былі створаныя буйныя культурніцкія праекты: Восеньскі салон з «Белгазпрамбанкам», міжнародны форум тэатральнага мастацтва «ТэАрт», міжнародны фестываль мастацтваў «Арт-Менск» ды іншыя. Адкрыты ліст падпісалі мастак і дызайнер Уладзімір Цэслер, гісторык мастацтва і галерыстка Таццяна Бембель, скульптар Канстанцін Селіханаў, драматург Аляксей Дудараў, мастак Сяргей Грыневіч ды іншыя.

– Такая ініцыятыва прывезці мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі ды вядомыя на ўвесь свет, можа толькі вітацца, – лічыць Сяргей Грыневіч. – І, канечне, гэта абсалютна абсурдная сітуацыя. І тыя абвінавачанні, якія яму высоўваюць, выглядаюць абсалютна беспадстаўна, дзіўна ды смешна.

Акторка тэатру ды кіно Ганна Харланчук-Южакова, якая раней далучылася да культпратэсту супраць бязглуздых і бессэнсоўных затрыманняў вольных людзей, ідэйна падтрымала і ліст Змітра Сурскага, разумеючы, што падзеі з арыштам і абвінавачаннямі Віктара Бабарыкі значна апярэджваюць цывілізаваную хаду падзеяў.

– Я сімпатызую Бабарыку, – прызналася спадарыня Ганна. – Канечне, ён чалавек, які шмат зрабіў для культуры, і я ўпэўненая, што ён працягнуў бы сваю дзейнасць у гэтым кірунку. Я не разумею, чаму чалавека абвінавачваюць без суда. То бок ёсць на тое закон аб тым, што чалавек не абвінавачваецца, пакуль суд не прадʼявіў яму абвінавачанне. І трымаць яго… так не мусіць быць.

Зміцер Сурскі аднак верыць у тое, што ўлады будуць вымушаныя адрэагаваць на зварот творчых людзей. Але спыняцца выключна на гэтым лісце ў барацьбе за гонар і сумленне Віктара Бабарыкі творчая інтэлігенцыя Беларусі не збіраецца.

Аляксандр Пуціла, «Белсат»