Тут расстралялі каля 10 000 чалавек. У Лошыцкім яры прайшла акцыя памяці


Шэсце да Лошыцкага яру сабрала сёлета некалькі дзясяткаў чалавек. Акцыю памяці расстраляных на так званай Белай дачы – месцы размяшчэння спецкаманды НКВД – традыцыйна зладзіла Кансерватыўна-хрысціянская партыя – БНФ. Паводле ацэнак Зянона Пазняка, які займаўся даследаваннем Лошыцы, тут у трыццатыя гады расстралялі каля 10 тысячаў чалавек.

Алесь Чахольскі, адказны сакратар управы КХП – БНФ: «Рам расстрэльвалі ў асноўным тых, хто прыйшоў з Заходняй Беларусі ў светлую будучыню. Іх тут рабілі польскімі шпіёнамі. І гэтых камсамольцаў і камуністаў з Заходняй Беларусі, якія ў светлую будучыню верылі, – іх у гэтым яру і паклалі».

Юрый Беленькі, намеснік старшыні КХП – БНФ: «Гэта быў генацыд беларусаў на тэрыторыі Беларусі. Бо калі даводзіліся спісы, колькі трэба забіць, калі сістэмна, прадумана знішчалася інтэлігенцыя – гэта відавочная палітыка і практыка генацыду супраць пэўнай этнічнай групы, супраць цэлага народу».

Раскопкі ў Лошыцкім яры не праводзілася, бо неўзабаве пасля таго, як у 1988 годзе стала вядома пра гэтае месца, яр засыпалі і пабудавалі тут гаражны комплекс. Але і цяпер, на думку актывістаў, для Лошыцы існуе небяспека.

Алесь Чахольскі: «На месцы расстрэльных ямаў, засыпаных колькіметровым слоем жвіру, бо там яр быў і яго засыпалі, акурат на месцы гаражоў нешта будзе будавацца. Потым набліжаецца да крыжа лошыцкага тэрыторыя, дзе штосьці будзе забудоўвацца».

Актывісты плануюць рабіць запыты да гарадскіх уладаў, каб даведацца дакладна, што плануюць будаваць побач з Лошыцкім ярам. Але не менш важна нагадваць сучаснікам пра падзеі, што адбыліся ў гэтым месцы, ды пра тое, як пазбегчы іх паўтарэння.

Удзельнікі шэсця:

«Побач з намі самы агрэсіўны сусед у свеце – Расея. І калі гэта ўсё забыць, то гэта будзе паўтарацца зноў».

«Калі мы ведаем, што НКВД Расеі расстрэльвала беларусаў – і простых сялянаў, і інтэлігенцыю, проста знішчала нашу нацыю, то мы будзем змагацца за сваю незалежнасць».

Уся ж праўда пра злачынствы камуністычнага рэжыму можа адкрыцца толькі з адкрыццём архіваў савецкага КГБ. Асэнсаванне гэтага жудаснага перыяду беларускай гісторыі яшчэ наперадзе.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»