Турысты з Еўропы і Амерыкі распавялі, чым прыцягальны Чарнобыль


Рэалістычны сцэнар і якасныя здымкі зрабілі папулярным ня толькі амерыканскі серыял «Чарнобыль», але і самую Чарнобыльскую зону. Тамтэйшыя турыстычныя агенцтвы паведамляюць, што расце колькасць забраніраваных на летнія месяцы экскурсіяў у ваколіцы Чарнобылю.

«Кожны атам урану – гэта куля, якая пранізвае ўсё на сваім шляху: метал, бетон, плоць… У Чарнобыльскай электрастанцыі было каля трох трыльёнаў такіх куль», – кажа дыктар з трэйлеру да стужкі.

Пра іхнае дзеянне распавядае мастацкі серыял HBO «Чарнобыль», прызнаны найлепшым шоу ў гісторыі паводле карыстальнікаў IMDB. Уражанні ад аповеду пра найбуйнейшую ў гісторыі нуклеарную катастрофу 33-гадовай даўніны робяць сваё.

Герэт Бэраўз, турыст з Брытаніі:

«Вы не можаце пераадолець шлях да Кіеву, не скарыстаўшыся з магчымасці ўбачыць гэтае ўнікальнае месца. Мяркую, што пасля выхаду серыялу цікаваць турыстаў да зоны будзе расці».

Аўтобус за аўтобусам вязе турыстаў з Еўропы і нават з-за акіяну ў англамоўны тур па адзіным такім месцы на свеце. Кошт досведу – каля 100 долараў ад асобы. Прыпынкі ва ўсіх знакавых месцах. Усмешкі, якія бачым на пачатку экскурсіі, ужо неўзабаве змяняюцца на ўважлівасць і сум.

Карулінэ Масьеў, турыстка з Бразіліі:

«Калі ты бачыш гэтыя пустыя будынкі – не можаш размаўляць. Гэта проста фантастыка! Трагедыя на самай справе адбылася тут, і вы адчуваеце, што адчувалі людзі, калі меліся пакінуць свае дамы. Гэта вельмі круты досвед».

Да паказанай у серыяле аварыі ў чацвёртым блоку АЭС у найбліжэйшым да станцыі горадзе Прыпяці пражывалі 50 тысячаў чалавек.

Візітоўка спусцелага гораду – гіганцкае кола агляду, якое раскруцілася б 1 траўня, калі б не выбух за 5 дзён да гэтага дня… Тут іржавая паласа вясёлкавага шляху і іншыя атракцыёны.

Узброеныя дазіметрамі наведнікі дзівяцца велічыні радыяцыйнага фону. Тымэ Босман, турыст з Нідэрландаў:

«Ведаеце, мы недзе заўсёды памяталі пра радыяцыю, але я настолькі хацеў гэта ўбачыць, што мне захацелася пайсці на такую рызыку. Мая мама, якая засталася ўдома, пэўна была б супраць, але я ўсё адно на гэта пайшоў».

Убачыць катастрофу знутры можна, але дакранацца да інфраструктуры не варта.

«Каб атрымаць газаваную ваду, вы апускаеце сюды манету, націсніце на кнопку тут, бераце шклянку, выпіваеце і вяртаеце яе назад. Скарыстаецца наступная асоба», – апавядае экскурсаводка. Гэтак было заведзена ў СССР.

Вікторыя Бражко, экскурсаводка агенцтва «SOLO EAST»:

«З аднаго боку Чарнобыль – гэта трывожнае месца. Але з іншага… папросту прыгожае. Вы бачыце, як адраджаецца дзікая прырода і наколькі тут спакойна, атмасферна. На мой погляд, гэта адзінае месца ва Украіне, дзе вы сапраўды можаце адчуць атмасферу СССР».

Захаванне гэтай атмасферы залежыць і ад плыні турыстаў.

«Калі зона зробіцца шматлюднаю турыстычнаю пляцоўкаю, гэта сапсуе эфект знаходжання ў ізаляваным месцы, таму што тут будзе вельмі-вельмі шмат людзей», – гаворыць турыст з Нідэрландаў Тымэ Босман.

Украінская чарнобыльская турыстыка вырасла ў апошнія 10 гадоў. Беларуская ж частка зоны адчужэння застаецца закрытаю – толькі раз на год на Радаўніцу сюды з’язджаюцца сем’і адсяленцаў і турысты.

Канкурэнцыю Прыпяці нашыя вёскі не зробяць, але могуць пазмагацца за ўключэнне ў агульны чарнобыльскі маршрут.

Юлія Цяльпук, belsat.eu