Турыст з Украіны: я і не ведаў, што ў Беларусі такая цэнзура


Кожны грамадзянін Беларусі мае права свабодна выказвацца, прыцягваць увагу да сваёй праблемы, ладзіць мірныя пікеты і шэсці – паводле Канстытуцыі. Але на практыцы права разбіваецца аб забароны. Магілёўскія праваабаронцы вырашылі спраўдзіць, як працуе новае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і колькі каштуе яго зладзіць.

Hавiны
Магілёўскі ідэолаг адмовіла ў пікеце супраць сябе самой
2019.05.14 13:19

7 гадоў, або дзве з паловаю тысячы дзён чакалі магілёўскія актывісты дазволу ад гарадскіх уладаў правесці акцыю. Улады, нарэшце, дазволілі, але ў такім фармаце і ў такім месцы, што акцыю можна смела назваць абсурдным пікетам: удзел у ёй маглі ўзяць не больш за 10 чалавек, а месца правядзення – стадыён, аддалены ад звычайных шляхоў магілёўцаў.

«Гэта, канечне, абсурдна, супраць гэтага трэба пратэставаць, але пратэставаць тут – гэта само па сабе абсурд», – кажа арганізатар, праваабаронца Аляксей Колчын.

І арганізатары пастанавілі з гумарам выказацца пра набалелае – пра нібыта свабоду мірных сходаў. Акцыю назвалі не проста пікетам, а манстрацыяй: інакш кажучы, мастацкай акцыяй з крэатыўнымі лозунгамі і транспарантамі. Толькі ацаніць іх не было каму. За гадзіну пікету тут прайшлі толькі два мінакі, адзін з якіх – жыхар краіны, дзе людзі публічна выказваюцца і ім за гэта нічога не бывае.

Hавiны
«Усю ўладу – вусатым»: на магілёўскім стадыёне адбылася манстрацыя
2019.05.26 21:08

«Я чуў, што ёсць пэўная цэнзура ў Беларусі, але каб настолькі жорстка?! Я правільна разумею, што нават гэткія гумарыстычныя акцыі не дазваляюць? Не ведаю. Гэта дзіўна», – кажа мінак, жыхар Украіны.

Цікава, наколькі б здзівіўся госць нашай краіны, калі б даведаўся, што гэты пікет быў яшчэ і платны.

«Тут чамусьці так мала людзей, але пры гэтым усё адно ўжо ёсць два міліцыянты», – адзначае турыст.

За працу міліцыянтаў, а таксама камунальнікаў і хуткай дапамогі арганізатары заплацілі 143 рублі.

«Наконт залішняй увагі міліцыянтаў – гэта нармальна, у іх свята: людзі ўпершыню за 7 гадоў на грамадзянскай акцыі. У іх свята і ў нас свята, дорым адно аднаму«, – адзначае арганізатар, праваабаронца Аляксандр Буракоў.

Працаваў на акцыі і яшчэ адзін мужчына ў цывільным, які праз тэлефон таямнічым незнаёмым распавядаў падрабязнасці акцыі. А распавядаць, як бачым, было пра што. Ну, вы ж самі ўсё разумееце.

Вольга Старасціна, «Белсат»