Турцыя, Егіпет, Балгарыя і Грэцыя – актуальныя і ў гэтым сезоне


Амаль на траціну летась павялічылася плынь турыстаў, якія наведалі Беларусь – рапартавалі дзяржаўныя статыстыкі. Самыя беларусы сталі больш падарожнічаць унутры краіны, але ўсцяж большыя натоўпы турыстаў і адпаведна – іхных грошай – выязджалі на адпачынак за мяжу. Які быў мінулы сезон адпачынкаў і які будзе новы?

У Беларускіх палацах гучыць сярэднявечная музыка, а на стол падаюць традыцыйныя стравы. Гістарычныя рэканструкцыі знаёмяць з нашымі каранямі. А ў Белавежскай Пушчы пабачым чорную бярозу і сапраўднага зубра! Такую Беларусь спрабуюць паказваць замежнікам.

«У нас ёсць Міністэрства спорту і турызму, якое каардынуе якою паказваць Беларусь, у нас ёсць каля 2000 турыстычных фірмаў, якія гэтым займаюцца, але я б сказала, што мы яшчэ знаходзімся на стадыі фармавання турыстычнага прадукту», – распавядае Галіна Патаева, дырэктарка турфірмы «Віяполь».

Летась на 30 % павялічылася плынь наведнікаў Сінявокай і склала 365 тысяч. Белстат падлічыў толькі арганізаваныя групы і экскурсантаў, таму рэальная лічба можа быць большаю ў разы.

Наведвалі нас пераважна расейцы. Але прыбыло турыстаў таксама з Нямеччыны, Літвы, Польшчы, Латвіі, Іспаніі, Ізраілю… Спрасціў дарогу 30-дзённы бязвізавы рэжым, які Беларусь адкрыла для 73-ох краінаў.

«Ёсць магчымасць пазнаёміцца з сучаснымі тэхналогіямі і ўбачыць найбуйнейшы ў свеце самазвал, унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. Радзынкаю з’яўляецца таксама авіятур. Магчымасць палятаць на рарытэтных самалётах, якія больш нідзе не лятаюць», – гаворыць Таццяна Дземішчык, кампанія «MERLINTOUR».

Дадаць можна хіба абзорныя экскурсіі па сталіцы, плаванне на байдарках ды арыентаванне на мясцовасці.

Статыстыкі вылічылі, што летась больш за 65,2 тыс арганізаваных турыстаў і 942,6 тыс – у складзе экскурсіяў (у тым ліку планавых) падарожнічалі па Беларусі. Калі прыгледзецца да рэзервацый турыстычнага жытла, то здымалі яго 48 % беларусаў, 35 % – грамадзяне СНД і толькі 17 % – «сапраўдныя» замежнікі.

У аграэкатурыстыцы, што стваралася перадусім для гасцей звонку, ажно 90 % карыстальнікаў – гэта беларусы. Прывабіць замежніка можна толькі пасля працы над пытаннем…

«Які брэнд мае працаваць у Беларусі? Такі, які будзе сімпатычным і не горшым, чым брэнды нашых краінаў-суседзяў. Таму на гэта трэба выдаваць сродкі, на прамоўшн Беларусі», – кажа Галіна Патаева.

Як не прамуйся, але не маючы мора і гор, пэўную частку людзей у краіне не затрымаеш. Тым больш у сезон! Гэтак летась толькі праз турфірмы ў адпачынак у цёплыя краіны вылецелі 850 тыс беларусаў. ТОП-4 – Турцыя, Егіпет, Балгарыя і Грэцыя. А што на конт Азіі, Амерыкі і найпапулярнейшых выспаў?

«Шмат каго адпалохвае цана, але зноў жа – у гэтым сезоне ёсць вельмі добрыя прапановы з вылетам з Варшавы – тыя самыя Мальдывы, Занзібар», – дадае Таццяна Дземішчык.

Дык хто куды ў гэтым сезоне?

«Збіраюся ва Францыю ў Божэле, а потым на мора ў Італію».

«У Крым».

«Грузія, таму што там мае карані і там вельмі смачна».

«Я шмат дзе быў у Еўропе, але Арабскія Эміраты – гэта ўзровень тэхналагічны краіны і архітэктура, якія трэба паглядзець», – кажуць жыхары Менску.

На раннім браніраванні, кажуць, ёсць цікавыя прапановы.

Юлія Цяльпук, belsat.eu