Турма альбо міграцыя: як жывуць беларускія ўцекачы ў Польшчы


Для нязгодных з рэжымам беларусаў часта няма месца ў краіне: ім пагражаюць і затрымліваюць. Ратунку яны шукаюць у суседніх краінах, дзе просяць палітычнай абароны. Так, у ваколіцах гораду Бяла-Падляска, што ў Польшчы, ёсць тры лагеры для ўцекачоў: Цэнтр для замежнікаў, Горбаў-Калонія (Horbów-Kolonia) і Бэзволя (Bezwola). Беларусаў, якія вымушана мігравалі, наведала Каця Малей.

У Беларусі іх збівалі ды пераследавалі. У Польшчы яны знайшлі прытулак і мірнае жыццё, але не бачаць тут сваёй будучыні. Ад леташняга жніўня праз лагеры для ўцекачоў, што пад Белай Падляскай, прайшлі сотні беларусаў. Усе яны называюць сябе ахвярамі рэпрэсіяў з боку ўладаў Беларусі.

«Усю восень і пачатак зімы мы дапамагалі людзям у рэабілітацыі і аказвалі фінансавую дапамогу. І чулі, што вельмі патрабуюць дапамогі нашыя калегі, якія вымушаныя былі ўцякаць ад пераследу. Пераходзілі мяжу без візаў і прасілі палітычнага прытулку на польска-беларускай мяжы», – адзначыў кіраўнік фонду «Беларускі дом у Варшаве» Алесь Зарамбюк.

Цяпер у трох лагерах застаюцца 65 беларусаў. Не зважаючы на закрытыя межы, сотні беларусаў надалей шукаюць прытулку ў Польшчы. Трапляюць сюды праз іншыя краіны. Часцей за ўсё людзям не хапае сезоннага адзення, медычнай ды псіхалагічнай дапамогі.

«Мы дапамагаем людзям, якія толькі прыязджаюць. Спачатку на каранцін, мы ім падвозім сродкі сувязі, прывозім неабходныя рэчы: тапачкі, пледы, каб не мерзлі. Пасля, калі яны ўжо пераязджаюць у лагер размеркавальны на вуліцы Дакудоўскай, тады ўжо апякуемся, пытаемся, чаго ім не хапае ў лагеры», – кажа прэзідэнт фонду «Салідарнасць з Беларуссю» Павел.

Беларускія ўцекачы шукаюць прытулку ў Польшчы
Адзенне жыхароў лагера сушыцца на балконе дома. Бяла-Падляска, Польшча. 9 кастрычніка, 2020 г.
Фота: Пракопчык Яна / Belsat.eu

Тры адміністратыўныя справы, два арышты мае настаўнік англійскай мовы Дзяніс за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Праз пераслед быў вымушаны паспешліва сабрацца і выехаць з краіны. У Бялай Падляскай ён жыве на гэтак званым прываце – здымае асобнае жыллё і дапамагае землякам, якія толькі прыехалі.

«1 лістапада злавілі мяне «ціхары», пасадзілі ў аўтамабіль, заштурхнулі ў бус да АМАПу. Гвалт, збіццё, катавалі электрашокам… Пытанні, пагрозы пазбаўлення жыцця», – дзеліцца Дзяніс.

Сюды прыязджаюць цэлымі сем’ямі, пакідаючы сваякоў і рэчы ў Беларусі. Так, увосень, пасля звальнення з працы ды пагрозаў Ірына разам з мужам і дзіцём, баючыся за сваё жыццё, маршруткаю Берасце – Тэрэспаль паехалі ў невядомасць. Візы ў іх не было, на польскай мяжы прасілі палітычнага прытулку.

«Тут мы адчуваем сябе ў бяспецы. Маё дзіця не будзе паддавацца прэсінгу. Хочам пераехаць «на прыват», – заўважыла Ірына.

Барыса затрымалі падчас сталічнай акцыі памяці Рамана Бандарэнкі, куды мужчына адмыслова прыехаў з Барысава. Яго моцна збілі ў бусе. Сілавікі называлі ґвалт «выхаваннем». З закрытаю чэрапна-мазгавою траўмаю ды зламанымі рэбрамі хуткая дапамога даставіла яго ў Бараўляны. У шпіталі Барыс прабыў 10 дзён.

«Я не стаў чакаць, пакуль мяне забяруць і са шпіталю. Я даведаўся, што на маю працу прыходзілі супрацоўнікі Следчага камітэту. Яны пыталі маю характарыстыку. І як паведаміла мой адвакат, гэта першая прыкмета таго, што я падазраваны ў крымінальнай справе. І адвакат мне параіла скарыстацца планам «Б».

План «Б» для Барыса азначаў уцячы з краіны першым жа самалётам. Як стала вядома пазней, выехаў мужчына своечасова, бо ўжо на наступны дзень ягонае прозвішча трапіла ў спіс невыязных. Са словаў уцекача, гэты лагер лепшы за той, у якім ён мог апынуцца ў Беларусі. Тым не менш у Польшчы беларусы пачуваюцца на раздарожжы. Шмат хто пры першай жа магчымасці хоча вярнуцца дадому.

Каця Малей, «Белсат»