Тупік у інтэграцыі: Менск не спяшаецца з адзіным падатковым кодэксам


Інтэграцыя ў тупіковай сітуацыі: Менск высоўвае свае ўмовы, Масква дбае пра ўласныя інтарэсы. Міністр замежных справаў Беларусі праз расейскія медыі даў зразумець, што калі Крэмль не пойдзе насустрач, беларускі бок праграму інтэграцыі можа не падпісаць. А гаворка, як прызнаў Уладзімір Макей, між іншага ідзе пра стварэнне супольнага падатковага кодэксу.

Менск і Масква рыхтуюцца ўніфікаваць падаткі, пацвердзіў у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву РБК міністр замежных справаў Беларусі. Супольны падатковы кодэкс ствараюць, аднак калі створаць?

Уладзімір Макей, Міністр замежных справаў Беларусі:

«Гэта ў большай ступені сёння выглядае, я б сказаў, як палітычная мэта. Бо я асабіста наагул не разумею, як можна за пару месяцаў стварыць адзіны падатковы кодэкс, праца над якім павінная весціся цягам як мінімум некалькіх месяцаў, а то і гадоў».

Гэта значыць, што Менск ствараць супольны падатковы кодэкс з Масквою не жадае, тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук, Даследчы цэнтр Мізэса:

«Калі кажуць, што пачынаюць працаваць над адзіным падатковым кодэксам, то гэта мне нагадвае часы, калі казалі, што пачынаюць працаваць над адзінаю валютай. Гэта 25 гадоў працягваецца, працэс бясконцы, адзінай валюты няма. Структуры эканомікі Расеі і Беларусі зусім розныя, таму адзінага падатковага кодэксу не будзе».

Расейскі падатковы кодэкс арыентуецца на нафтаздабыўныя кампаніі, тлумачыць эксперт. Паводле расейскага Мінфіну, іх доля ў даходах бюджэту летась склала 46 адсоткаў. Беларускія ж падаткаплатнікі – гэта не толькі нафтагазавыя кампаніі, таму падатковае заканадаўства мае развівацца ў іншым кірунку, мяркуе філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Беларусь павінная рабіць стаўку на малы і сярэдні бізнес, фірмы якога паасобку не зʼяўляюцца буйнымі падаткаплатнікамі, але ў масе сваёй забяспечваюць галоўныя падаткі, ну і, як вядома, развіццё ІТ».

Не толькі супольны падатковы кодэкс, але правілы канкурэнцыі, гандлю, скаардынаваная праца мытняў і крэдытна-грашовая палітыка. Як вынікае са скандальнай публікацыі выдання «Камерсант», калі мэты праграмы супольных дзеянняў будуць дасягнутыя, Расея проста праглыне ў разы меншую эканоміку Беларусі.

Дзмітрый Балкунец, Найвышэйшая школа эканомікі, Масква:

«Рызыка такая ёсць, але мне здаецца, што беларускі ўрад ведае, што робіць. І паглынанне, якое падае «Коммерсантъ», нейкая канфедэрацыя на сёння немагчымая, бо ўлады Беларусі маюць свае інтарэсы, у тым ліку эканамічныя».

Галоўны інтарэс для Менску, паводле Уладзіміра Макея, – гэта выгадны кошт на нафту і газ. Пра новую цану блакітнага паліва, як паведаміў віцэ-прэмʼер Ігар Ляшэнка, кіраўнікі Беларусі і Расеі мусяць дамовіцца ў снежні – адразу пасля падпісання праграмы інтэграцыі.

Аляксандр Папко belsat.eu