Цывілізаваны свет асудзіў масавыя затрыманні ў Расеі


Хтосьці атрымаў штраф $ 10, а хтосьці – правядзе за кратамі 10 содняў. Такія вынікі ўчорашніх пратэстаў у Расеі.

Сілавыя спробы выкаранення іншадумства напярэдадні чацвёртай інаўгурацыі Уладзіміра Пуціна абурылі ўвесь свет. Асуджальныя заявы зрабілі ў Еўразвязе і Дзяржаўным дэпартаменце ЗША.

Жорсткія разгон, збіццё і затрыманні, у тым ліку дзяцей і пенсіянераў, на мірных акцыях пратэсту ў Расеі, вядома, не маглі застацца без рэакцыі цывілізаванага свету.

«Затрыманне больш як тысячы дэманстрантаў і гвалт у дачыненні іх з боку ўладаў пагражаюць асноўным свабодам – выказвання, аб’яднанняў і сходаў у Расейскай Федэрацыі. Затрыманні журналістаў пагражаюць свабодзе медыяў. Гэта асноўныя правы, замацаваныя ў расейскай Канстытуцыі. Мы спадзяемся, што яны будуць абараняцца, а не парушацца», – заявіла прэс-сакратар замежнапалітычнай службы ЕЗ Мая Кацыянчыч.

У Еўразвязе падкрэслілі, што калі некаторыя акцыі нават і не былі ўзгодненыя з уладамі, гэта аніяк не апраўдвае жорсткасці паліцыі ды масавых арыштаў. Ва ўсёй Расеі, паводле афіцыйных і неафіцыйных падлікаў, учора затрымалі ад 600 да 1600 чалавек. Крэмль маўчыць, а ЗША заклікаюць неадкладна вызваліць усіх затрыманых дэманстрантаў.

«Лідары, упэўненыя ва ўласнай легітымнасці, не арыштоўваюць сваіх мірных апанентаў за пратэсты», – заявіла прэс-сакратарка Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША Гэдэр Ноэрт.

А яшчэ – моцныя не крыўдзяць слабых. Найбольшае абурэнне ў інтэрнэце выклікалі здымкі жорсткіх затрыманняў дзяцей і пенсіянераў на акцыях пратэсту.

Апазіцыйны палітык Аляксей Навальны, якога таксама затрымалі, нечакана выйшаў на волю а палове першай ночы. 11-га траўня яго чакае суд.

У «Twitter» ён напісаў:

«Мабыць, прыйшла каманда «да інаўгурацыі не саджаць». На мяне аформілі два пратаколы: арганізацыя мітынгу і супраціў паліцыі».

Беларускае тэлебачанне таксама асвятляла пратэсты. Праўда, шатландскія ды французскія…

«У нашых прапагандысцкіх дзяржаўных медыяў ёсць дзве задачы – або нешта зняславіць, або нешта ўславіць. І тут якраз не атрымлівалася ні таго, ні іншага. Не было ніякай устаноўкі казаць штосьці добрае пра расейскія ўлады – цяпер дачыненні даволі напружаныя. З іншага боку таксама няма ўстаноўкі ганіць расейскіх апазіцыянераў», – кажа аглядальнік Радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Чацвёртая інаўгурацыя Уладзіміра Пуціна адбудзецца заўтра. Дзейсны гаспадар Крамля кіруе Расеяй у розных амплуа ўжо на працягу 18-ці гадоў.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Леў Арпішкін