Цынічны надпіс «Не забудзем». Новыя суды ў Менску


Адразу два судовыя працэсы адбываліся сёння за надпіс «Не забудзем» ля станцыі метро Пушкінская ў Менску. Там стыхійна з‘явіўся мемарыял забітаму падчас жнівеньскіх пратэстаў Аляксандру Тарайкоўскаму. Агулам пяцёра чалавек вінавацяць паводле артыкулаў крымінальнага кодэксу 339 (хуліганства) і 218 (пашкоджанне маёмасці). Чацвёра з іх прызнаныя беларускімі праваабаронцамі палітычнымі зняволенымі.

Грамадзянскі пазоўнік «Гаррамаўтадар» змяніў суму шкоды. У абодвух выпадках яна складае трохі больш за 200 рублёў. А гэта менш за 40 базавых велічыняў, неабходных для прыцягнення да адказнасці паводле крымінальнага артыкулу 218. У сувязі з гэтым абаронцы хадайнічалі аб змяненні меры стрымання. Аднак усе пяцёра застаюцца пад вартаю.

У сённяшнім другім судовым паседжанні над Марыяй Бабовіч і Максімам Паўлюшчыкам дапытвалі падсудных. Абое патлумачылі, што не мелі намеру наносіць надпіс, а далучыліся да ўжо прысутных там дзвюх асобаў. Тыя аднак сышлі да з’яўлення міліцыі. А Максіма і Марыю затрымалі. Усю шкоду – дзвесце адзінаццаць рублёў – сваякі затрыманых ужо сплацілі.

«Па шчырасці, я трошачкі ў шокавым стане, бо шмат несправядлівасці ў дачыненні абвінавачаных. І мы прыйшлі да таго, што сапраўды гэта ніякая не крымінальная справа, гэта адміністратыўнае правапарушэнне», – кажа Вікторыя, грамадзянская жонка Максіма Паўлюшчыка.

Грамадзянская жонка Максіма на сёмым месяцы цяжарнасці, а ягоныя бацькі маюць інваліднасць. Ён, як і чацвёра затрыманых за надпіс, – у ізалятары з другой паловы кастрычніка.

Сёння ж распачаўся суд і над Уладзіславам Гулісам, Ігарам Самусенкам і Дзянісам Граханавым.

«Ён проста вырашыў асвяжыць, ужо да яго было напісана. І ўсё. Зранку прыйшлі – не піўшы, не еўшы, забралі «для размовы», а аказалася, гэта арышт, ці як гэта назваць», – расказвае Дзіна Граханава, маці Дзяніса Граханава.

Дзяніс Граханаў у судзе патлумачыў, што прыехаў на Пушкінскую з балонам фарбы. Калі пачаў пісаць словы «не забудзем», далучыліся два хлопцы – Самусенка і Гуліс. Абвінавачанне ў абодвух працэсах лічыць напіс на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага цынічным. Разглядаюць справы суддзі Фрунзенскага раённага суда Юлія Крэпская і Юлія Блізнюк. Дзяржаўныя абвінаваўцы – Аліна Касьянчык і Валерыя Таратынка. Судовыя працэсы працягнуцца заўтра і паслязаўтра.

Наста Кахановіч, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!