Цыганскі пагром у Чамаданаўцы: губернатар абвінаваціў ЗША


Гісторыя забойства з нацыянальным каларытам у Пензенскай вобласці Расеі атрымала працяг. Сёння раённы суд арыштаваў ажно 27 чалавек у справе аб масавай бойцы – звычайная бытавая сварка ў вёсцы Чамаданаўка перарасла ў высвятленне адносін натоўп на натоўп – нецыгане супраць цыган.

У гэты чацвер у Пензенскай вобласці Расеі ў выніку бойкі на глебе этнічнай нянавісці некалькі чалавек атрымалі раненні, а жыхар вёскі Чамаданаўка Уладзімір Грушын загінуў ад чэрапна-мазгавой траўмы.

У агні канфлікту згарэў дом у суседніх Лапатках, людзі перакрылі федэральную трасу «Урал», у выніку Расгвардыя на аўтазаках правяла зачыстку, а пра Чамаданаўку сталі дакладваць наўпрост Пуціну. Грушына пахавалі, а пензенскія цыганы выказалі спачуванні ды абяцанні супрацоўнічаць з паліцыяй у пошуку вінаватых.

Усяго паліцыя затрымала 174 асобы, пераважна цыганоў. Прыкладна 900 жыхароў Чамаданаўкі і Лапатак – ромскай нацыянальнасці – з’ехалі ў Валгаградскую вобласць. Мясцовыя ўлады спачатку заяўлялі аб прымусовым вывазе цыганоў аўтобусамі, пасля зняпраўджвалі гэтыя заявы. У пустых хатах засталася і свойская жывёла, і тэхніка, і каштоўныя рэчы.

«Па сутнасці, яны ўнутраныя бежанцы, перамешчаныя асобы, якія ўцяклі ад гвалту, самавольства і беззаконня. Яны добра разумеюць, што правасуддзе не стане на іх абарону, незалежна ад таго, вінаватыя яны ці не», – мяркуе расейскі журналіст і праваабаронца Аляксандр Падрабінэк.

Хто вінаваты ў канфлікце? Гэта ўжо ў Чамаданаўцы патлумачыў губернатар вобласці Іван Белазерцаў:

«Амерыка, Захад заганяе велізарныя грошы на падрыхтоўку людзей, якія атрымліваюць адтуль грошы, і якія замест вырашэння праблемы дэстабілізуюць сітуацыю».

Самасуду, пагромаў і ўмяшання ўнутраных войскаў можна было пазбегнуць, мяркуе Аляксандр Падрабінэк:

«Мясцовая ўлада вінаватая ў тым, што яны не могуць забяспечыць правапарадак і заслужыць давер насельніцтва да праваахоўных органаў і правасуддзя, а федэральная ўлада вінаватая ў тым, што праваахоўная сістэма ў Расеі наскрозь карумпаваная».

Расследаванне масавай бойкі з забойствам перадалі ў Галоўнае следчае ўпраўленне. Старшыня Следчага камітэту Аляксандр Бастрыкін запатрабаваў неадкладна знайсці вінаватых.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu