ЦВК Украіны заявіў, што не паспее падрыхтавацца да парламенцкіх выбараў


Указ прэзідэнта Украіны аб роспуску Вярхоўнай Рады і прызначэнні пазачарговых выбараў 21 ліпеня набыў моц. Гэтак, у пятніцу 24 траўня ва Украіне афіцыйна стартуе выбарчая кампанія. Уладзімір Зяленскі падчас інаўгурацыі скарыстаўся сваім правам распусціць Раду і правесці датэрміновыя выбары. Рашэнне новага прэзідэнта падтрымалі больш за 70 адсоткаў украінцаў, сцвярджаюць сацыёлагі.

Любамір Мысіў, сацыялагічная група «Рэйтынг»:

«Людзі адчулі смак пратэставага галасавання. Яны гатовыя да перазагрузкі ўлады».

Чаканні ад новага парламента ва ўкраінцаў застаюцца нязменнымі: палепшыць жыццё і спыніць вайну на Данбасе.

«Чакаем міру і павышэння пенсіяў».

«Каб у самым парламенце быў мір і сяброўства», – кажуць жыхары Харкава.

Паводле сацыялагічных апытанняў, лідар электаральных сімпатыяў – партыя прэзідэнта Украіны «Слуга народу». За яе маюць намер аддаць свой голас каля 30 адсоткаў украінцаў. Паставіць птушачку насупраць партыі Зяленскага ўкраінцы гатовыя, нягледзячы на тое, што спісу кандыдатаў пакуль няма. Таксама не зразумела, хто павядзе партыю ў парламент: Іван Баканаў, які ўзначальваў палітычную сілу, указам прэзідэнта прызначаны намеснікам старшыні СБУ.

Аляксей Гарань, прафесар паліталогіі Кіева-Магілянскай акадэміі:

«Зяленскі хоча цяпер канвертаваць свой поспех на выбарах у падтрыманне на парламенцкіх выбарах. Ягоная задача палягае на тым, каб сказаць, што парламент – дрэнны, і давайце абіраць іншы парламент. Але парадокс у тым, што партыя «Слуга народу» – віртуальная, гэта значыць, яе няма, але рэйтынг у яе ёсць».

Змагацца за мандаты будуць і іншыя маладыя партыі: «Сіла і гонар» кандыдата на прэзідэнцтва Ігара Смэшка ды «Голас» лідара рок-гурта «Океан Ельзи» Святаслава Вакарчука. Аднак пакуль іх рэйтынгі вагаюцца на ўзроўні прахаднога мінімуму. У парламент таксама праходзіць прарасейская партыя «Апазіцыйная платформа – За жыццё» Віктара Медведчука, што апярэджвае, згодна з даследаваннямі, палітычныя сілы экс-прэзідэнта Пятра Парашэнкі ды экс-прэм’еркі Юліі Цімашэнкі.

«Ёсць запыт на такую партыю. Дастатковая колькасць людзей, асабліва з усходніх рэгіёнаў, якія па-іншаму разглядаюць канфлікт з Расеяй. І для іх Расея застаецца сяброўскай краінай. Ім бліжэйшыя погляды, пра якія кажуць гэтыя палітыкі», – тлумачыць Любамір Мысіў, сацыялагічная група «Рэйтынг».

Выбары ў парламент пройдуць паводле старой выбарчай сістэмы, бо напярэдадні Вярхоўная Рада не падтрымала ініцыятывы прэзідэнта аб рэформе выбарчага заканадаўства. Так што ў ліпені будуць выбіраць 225 дэпутатаў па партыйных спісах, столькі ж – па мажарытарных акругах. Прахадны барʼер – 5 адсоткаў.

«Мажарытарнікі «прыкормліваць» свае акругі цягам доўгага часу. Пытанне палягае на тым, ці зможа Зяленскі перабіць гульню, вылучыць сваіх кандыдатаў па мажарытарных акругах», – дадае Аляксей Гарань.

Пазачарговыя парламенцкія выбары – сапраўдны выклік для Цэнтральнай выбарчай камісіі. Зацверджаны прэзідэнтам тэрмін занадта кароткі для рыхтавання да галасавання. У ведамстве ўжо заявілі, што згодна з існаю працэдураю сістэмы закупаў, ЦВК не паспее надрукаваць бюлетэні ды падрыхтавацца да выбарчага працэсу.

Дзяніс Шпігаў, belsat.eu