Цуды вакол даўгавой нагрузкі


Урад зноў абяцае эканамічныя прарывы. Міністэрства фінансаў плануе за бліжэйшыя 6-7 гадоў удвая знізіць даўгавую нагрузку на дзяржаву. Аднак пры гэтым пазычаць менш Беларусь не стане.

Раней была пяцігодка за тры гады, цяпер скіданне паловы даўгоў за 6. Паводле намесніка міністра фінансаў, Беларусь знізіць даўгавую нагрузку з 41 % да 20 % ад валавога ўнутранага прадукту, бо так загадаў Аляксандр Лукашэнка.

Вось што заявіў сёння намеснік міністра фінансаў Беларусі Андрэй Белкавец:

«Нашая глабальная задача – спачатку стабілізаваць вонкавы дзярждоўг, а пасля завяршэння фінансавання буйных праектаў забяспечыць яго зніжэнне. Кіраўніком дзяржавы раней была пазначаная мэта 2025 года – двухразовае зніжэнне пазыковай нагрузкі».

Сёння вонкавы дзяржаўны доўг складае $ 16,8 млрд. Як кажа Андрэй Белкавец, знізіць у абсалютных лічбах яго наўрад ці атрымаецца. Таму ў прапорцыі доўг адносна ВУП будуць павялічваць валавы ўнутраны прадукт – рынкавы кошт усіх створаных у Беларусі тавараў і паслуг. Павялічыць ВУП удвая – мэта фантастычная, кажа аналітык Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары»:

«Каб за 7 гадоў павялічваць ВУП у 2 разы, трэба штогод каб эканоміка расла ў сярэднім на 10,5 %. Пра гэта не марыць сёння нават Кітай, таму не ў казачным, а ў рэальным свеце не адбудзецца».

Яшчэ ў красавіку Аляксандр Лукашэнка ставіў міністрам стратэгічны план – вырасціць гэты самы ВУП да $ 100 млрд да 2025 г. І без таго амбітныя планы падкасіў расейскі падатковы манеўр на нафту, які пазбавіць Беларусь прыбыткаў з экспартнага мыта на нафтапрадукты.

Перад Новым годам дамовіцца з Пуціным пра кампенсацыю за манеўр Лукашэнку не ўдалося: Крэмль патрабуе занадта глыбокай інтэграцыі, ажно да ўвядзення агульнай валюты і мытні.

Цяпер кіраўнікі дзяржаваў абменьваюцца пазіцыямі завочна, праз навагоднія віншаванні і святочныя імпрэзы.

Каб не хадзіць пад даўгавым ярмом, трэба ўмець пазычаныя грошы своечасова рэфінансаваць – пазычаць новае, каб аддаваць старое.

Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары»:

«Беларусі трэба актыўна дыверсіфікаваць не толькі замежны гандаль, асноўны рынак экспарту і пакупкі энерганосьбітаў, але і спрабаваць дыверсіфікаваць крыніцы пазычання. Першае, што прыходзіць у галаву – актывізаваць стасункі з МВФ».

Што да абяцанняў удвая знізіць даўгавую нагрузку, тут галоўнае – прызначыць адказнага міністра. На якога потым можна зваліць адказнасць за фантастычнасць планаў.

Яраслаў Сцешык belsat.eu