Цуду не здарылася. Швецыя чарговы раз перамагла гандбольную зборную Беларусі


Гандбол

Зборная Швецыі яшчэ раз паказала, што пакуль нам ранавата супрацьстаяць ёй на роўных. У чарговым матчы групавога этапу чэмпіянату Еўропы па гандболе каманда Беларусі зазнала паразу ад апанентаў са Швецыі – 20:29.

Хакей

Сталічнае хакейнае «Дынама» застаецца ў сёлетнім, юбілейным, дзясятым сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі без серыі плэй-оф. Гэта канчаткова стала вядома пасля таго, як на «Менск-Арэне» «бела-блакітныя» прагулялі «Адміралу» з Уладзівастоку 2:3.

Тэніс

Каралін Вазняцкі згуляе ў паўфінале «Australian Open». У 1/4-ай фіналу датчанка перамагла іспанку Карлу Суарэс Наваро – 6:0, 6:7, 6:2. У матчы за выхад у галоўны старт спаборніцтваў Вазняцкі пазмагаецца з 37-ай ў спісе ВТА бельгійкаю Элізай Мэртэнс, якая сенсацыйна нанесла паразу 6:4, 6:0 украінцы Эліне Світолінай – чацвёртай у планетарным рэйтынгу.

Допінгавы скандал

Міжнародны алімпійскі камітэт сёння выдаў чарговую порцыю негатыву для Расеі. Паводле МАКу, ён пастанавіў не выдаваць запрашэнняў шэрагу расейскіх спартоўцаў для ўдзелу ў Алімпіядзе ў Пхёнчхангу. У гэты спіс трапілі шасціразовы алімпійскі чэмпіён па шорт-трэку Віктар Ан, біятланісты Антон Шыпулін і Сяргей Усцюгаў, фігурысты Ксенія Сталбова і Іван Букін, а таксама шмат хакеістаў. Адзначу, што запрашэнне на Алімпіяду ад Расеі атрымала толькі трыа біятланістаў, што адразу ставіць крыж на эстафетных гонках. Эпапея «Допінг-Родчанкаў-Макларэн-Дыскваліфікацыі» – для нашых суседзяў працягваецца.

Дзмітрый Сухановіч, «Белсат», фота: Marko Djurica / Reuters / Forum