ЦТ ва ўмовах пандэміі


Больш за 18 тысяч абітурыентаў пратэставалі сёння сваё веданне беларускай мовы. Вікторыя Вялічка скончыла беларускамоўную гімназію і ў сваіх ведах упэўненая. Апошнія месяцы яна была ў самаізаляцыі ды да экзаменаў рыхтавалася онлайн.

«Настаўнікі вызначалі час, стваралі зум-канферэнцыі. Экзамены прайшлі ў спартовай зале, была дыстанцыя паўтара метра паміж партамі, і мы сядзелі па адным», – расказвае абітурыентка.

Пры правядзенні тэставання Міністэрства адукацыі рэкамендавала ВНУ выконваць неабходныя захады бяспекі.

«Стаяў антысептык, і кожны мог падысці і карыстацца ім. Таксама ў кожнага абітурыента была маска, і ў камісіі таксама былі маскі. Стаяў бойлер з вадой. Дыстанцыя не зусім была выкананая, але ніхто нікому не перашкаджаў», – дзеліцца ўражаннямі Вікторыя.

Паводле Міністэрства адукацыі, для правядзення экзаменаў задзейнічалі максімум аўдыторнага фонду. У памяшканні, дзе здавала Вікторыя, было каля 50 чалавек, экзамен доўжыўся 2 гадзіны.

«Вядома, калі ёсць адзін інфікаваны чалавек ці некалькі, і яны знаходзяцца доўгі час у закрытым памяшканні, і там шмат людзей, зразумела, рызыка інфікавання ў такім асяроддзі вышэйшая», – кажа пульманолаг Вольга Жарнасек.

І адзінае, што можа абітурыент зрабіць для сваёй бяспекі…

«Мыць рукі, выкарыстоўваць дэзсродак, рукамі не дакранацца да твару, вачэй, рота, носа, выкарыстоўваць маску», – лічыць Вольга Жарнасек.

Ці хвалюе бацькоў, што тэставанне праводзіцца ў складанай эпідэміялагічнай сітуацыі?

«Безумоўна. Сыну я дала з сабой маску, ад пальчатак ён адмовіўся. Ну а так – казала, каб глядзеў за сваім адчуваннем».

«Больш хутчэй за ЦТ».

«Ну вядома, хвалюе, як і ўсіх. А што рабіць? Выбару няма».

Узмацненне захадаў бяспекі – адзінае змяненне ў тэставанні ў параўнанні з мінулымі гадамі. Не выраслі мінімальныя парогавыя балы. Як і ў мінулым годзе, для першых профільных прадметаў гэта 20 балаў, для іншых – ад 10. Змяніць працэдуру прыёмнай кампаніі за кароткі тэрмін экспертка ў адукацыі Святлана Мацкевіч лічыць нерэальным ды прапаноўвае, каб ацэнка ведаў адбывалася іншым шляхам.

«Куды хачу, туды і падаюся. Я абітурыент, скончыў школу, маю атэстат дзяржаўнага ўзору, і мне дастаткова выбраць тую праграму, якая ёсць у ВНУ, і заявіцца наўпрост», – кажа Святлана Мацкевіч, кандыдатка педагагічных навук.

Але пакуль беларускія ВНУ не маюць дастатковай для такога фармату аўтаноміі, цэнтралізаванае тэставанне застаецца асноўным элементам прыёмнай кампаніі. ЦТ-2020 закончыцца 14 ліпеня тэстам па геаграфіі.

Алена Дубовік, «Белсат»