Ціск на студэнтаў


Хваля адлічэнняў пракацілася па ВНУ Беларусі. Студэнты губляюць свае месцы ва ўніверсітэтах за нібыта «грубыя і сістэматычныя парушэнні ўнутранага распарадку». Насамрэч – за ўдзел у акцыях пратэсту. Як яшчэ спрабуюць націснуць на самых смелых студэнтаў краіны, ведае Міхаіл Прановіч.

Адлічэнне не адзінае, чым спрабуюць запалохаць студэнтаў. За ўдзел у акцыі салідарнасці аднаго са студэнтаў БДТУ невядомыя ў масках сёння затрымалі ў будынку альма-матэр.

Амаль ва ўсіх універсітэтах краіны зноў адбыліся акцыі пратэсту. А беларусы падтрымліваюць іх, як могуць. Студэнтам БДУІРу, напрыклад, даслалі скрынку з цукеркамі ды некалькі дзясяткаў піц.

«Скрынка цяжкая. На ўсіх хопіць. А піца – гэта парк высокіх тэхналогіяў нам даслаў, таму што мы ж таксама будучыя спецыялісты ў гэтай сферы. Вядома, прыемна! Выказваюць салідарнасць» – кажа адзін са студэнтаў БДУІРу.

Вось толькі гэты жэст спадабаўся не ўсім. Адзін з выкладнікаў скрынку з прысмакамі перакуліў, а студэнтаў выгнаў з аўдыторыі. І калі гэтых студэнтаў выгналі з аўдыторыі часова, Маргарыту Шышу адлічылі. Дзяўчына вучылася на дызайнерку ў Гарадзенскім універсітэце. Сярэдні бал – 9,4. Вось толькі маўчаць пра сітуацыю ў краіне адмаўлялася.

«Я збіраюся працягваць сваю дзейнасць. Я не лічу, што адлічэнне – гэта нейкая праблема для людзей, якія хочуць сказаць праўду» – кажа Маргарыта Шыша, адлічаная студэнтка ГрДУ.

Па-за аўдыторыямі правялі сённяшні дзень таксама багата студэнтаў Дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту. Сустракалі сваю сяброўку каля брамы ІЧУ на Акрэсціна. Там будучая доктарка заставалася 10 содняў за ўдзел у маршы 17 кастрычніка. Увесь гэты час думала пра адно: адлічаць, ці не?

Разам з Лізаю на Акрэсціна сядзелі і студэнткі ўніверсітэту культуры Ганна і Насця. Адлічэння дзяўчаты, паводле іхных словаў, не баяцца, усё самае страшнае прайшло.

«Не здавацца і рабіць усё, што ў маіх сілах, нягледзячы на ​​ўнутраны страх. Таму што яны гэтага і дамагаюцца: каб нам усім было страшна, каб мы ўсе схаваліся пад ложак у сябе дома і больш нікуды не выходзілі» – Ганна Пашкевіч, студэнтка БДУКМ.

Мяне ГУБАЗіК пытаўся: «Будзеш яшчэ выходзіць?» Я сказала: «Буду, але буду хутчэй бегаць» – кажа Анастасія Мустафіна, студэнтка БДУКМ.

Адным з першых, каго адлічылі з універсітэту культуры, стаўся Павел Сокалаў. Нават на марш студэнцкі не хадзіў. Проста браў удзел у акцыі салідарнасці ва ўніверсітэце. Пра свой учынак не шкадуе.

«Не, жыццё на гэтым дакладна не спынілася. Зразумела, прайшло яшчэ толькі 1-2 дня, я яшчэ не ведаю дакладна, што я буду рабіць. Сітуацыя непрыемная, але я не скажу, што я прама пакутую» – кажа Павел Сокалаў, адлічаны студэнт БДУКМ.

Ва ўніверсітэце культуры заблакавалі пропускі амаль у 20 студэнтаў. Разам са сваім гуртом «Незабудка» Павел запісаў песню, якая адлюстроўвае стаўленне хлопцаў да таго, што адбываецца ў краіне.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»