Ціск на спартоўцаў


Міністэрства спорту забараняе беларускім атлетам выкарыстоўваць недзяржаўную сімволіку ды абавязвае вывучыць афіцыйны гімн. Гэткія патрабаванні будуць прапісвацца ў кантрактах. Так чыноўнікі хочуць здушыць пратэст у спартовым асяроддзі.

Беларускім спартоўцам перапісваюць кантракты. Адпаведны загад, падпісаны міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком, апублікаваў партал TUT.by. Згодна з дакументам, спартоўцаў абавязваюць, у прыватнасці, ведаць на памяць афіцыйны гімн Беларусі, падчас спаборніцтва выкарыстоўваць выключна дзяржаўную сімволіку, а таксама пазбаўляюць права даваць каментары медыям без дазволу наймальніка.

«Да першага, гімну, – гэта абавязак 100 %, таму што яны прадстаўляюць сваю краіну, адзнакі сваёй краіны – таксама, а наконт даваць інтэрв’ю з дазволу – гэта дзіўна».

«Я лічу, што самае галоўнае, каб яны паказвалі вынікі і перамагалі. А ўсё астатняе – гэта не так істотна».

«Стаўлюся адмоўна, таму што закрываць рот налева і направа – напэўна, не зусім дэмакратычна», – кажуць жыхары Бабруйску.

Новыя патрабаванні – гэта рэакцыя ўладаў на грамадзянскую пазіцыю спартоўцаў, мяркуе журналіст газеты «Прессбол» Сяргей Южык. Больш як 600 спартоўцаў падпісалі адкрыты ліст супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў.

«Я думаю, гэта сапраўды своеасаблівая помста за тое, што яны падпісалі петыцыю ды не хочуць адмаўляцца ад яе, і такім чынам спрабуюць запужаць моладзь, маладых спартоўцаў. Сілаю не быць мілаю, ніякага эфекту гэта не будзе мець», – гаворыць Сяргей Южык.

Міністэрства спорту і турызму сапраўднасць загаду аб зменах у кантрактах пакуль не пацвярджае. Тым не менш дадатковае пагадненне з новымі абавязкамі ўжо мае Рэспубліканскі цэнтр падрыхтоўкі па фрыстайле. На думку юрыста і праваабаронцы Гары Паганяйлы, новыя патрабаванні да спартоўцаў – гэта парушэнне Канстытуцыі і ў першую чаргу парушэнне права на свабоду выражэння свайго меркавання.

«Каліў нас знойдуцца смелыя спартоўцы, смелыя трэнеры, іншыя асобы, якія заключаюць такога роду неправавыя кантракты ці прынамсі кантракты, у якіх ёсць неправавыя палажэнні, яны могуць аспрэчваць іх у тым ліку і ў судзе», – кажа Гары Паганяйла.

Спартоўцы ж пакуль звяртаюцца не ў суд, а да чыноўнікаў. Зоркі беларускага спорту запісалі відэазварот, у якім заклікалі спыніць на іх ціск.

«Вы прыходзіце да сумленных спартсменаў і пагражаеце ім. Душыце, запалохваеце, прымушаеце забіраць свае подпісы і адмаўляцца ад сваіх слоў. Пры гэтым самі трасяцеся, баючыся страціць сваё цёпленькае крэсла. Мы гэта бачым», – сказалі спартоўцы.

Таксама сёння беларуская фрыстайлістка Аляксандра Раманоўская заклікала далучацца да Свабоднага аб’яднання спартоўцаў.

Анастасія Русецкая, «Белсат»