Аб'ектыў 06.04.2019 Ціск на праціўнікаў акумулятарнага заводу


Жыхары Берасця рыхтуюцца да ўжо традыцыйнага мірнага пратэсту супраць небяспечнага акумулятарнага заводу. Заўтра, як і штонядзелю, людзі на цэнтральнай плошчы будуць карміць птушак. Рыхтуюцца да пратэсту і сілавікі.

Вечар пятніцы, прадмесце Берасця, вуліца Старажытная. Да дому, дзе жыве Таццяна Фесікава, прыйшлі суседзі і сябры жанчыны, каб не даць міліцыі забраць яе ў ізалятар. Таццяна – неўролаг, адна з удзельніц пратэстаў супраць пабудовы ля Берасця патэнцыйна небяспечнага і шкоднага акумулятарнага заводу.

«Прыйсці ў пятніцу ўвечары па жанчыну, каб памясціць яе ў ІВС да панядзелка за тое, што яна была на плошчы з балонікамі, прытым яе дзіцё змясціць кудысьці ў дзетдом? Гэта ў галаве не ўкладваецца», – каментуе сітуацыю Юлія Зубік, берасцейская актывістка, праціўніца заводу.

Міліцыянты з Ленінскага райаддзелу хацелі затрымаць Таццяну паводле адміністратыўнага артыкулу «парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў», а сына-падлетка – здаць у інспекцыю ў справах няпоўнагадовых. Але ад міліцэйскага прэсінгу жанчыне стала кепска. Дзякуючы суседзям і хуткай дапамозе цяпер Таццяна не на нарах у ізалятары, але ў шпіталі ў кардыялагічным аддзяленні.

Таксама ўчора пасля поўначы следчыя адпусцілі дадому актывіста Майсея Мазько, затрыманага ў аўторак.

«Мяне падазраюць у здзяйсненні злачынства паводле часткі 2 артыкулу 295 Крымінальнага кодэксу. Абвінавачванне мне пакуль не прад‘яўлялі», – распавёў Майсей Мазько пасля вызвалення.

У аўторак інспектары ДАІ спынілі аўтамабіль Мазько і запатрабавалі паказаць асабістыя рэчы, ды нібыта знайшлі ў пакеце патроны розных відаў і нават выбухоўку з дэтанатарам. На месцы хутка з‘явілася аператыўная група і міліцэйскае кіраўніцтва.

«Падазрэнні не знятыя, крымінальная справа будзе расследавацца, спадару Маісею давядзецца прыходзіць на допыты – пакуль усё працягваецца. Мы не выключаем, што можа быць і абвінавачвальны прысуд», – тлумачыць Раман Кісляк, берасцейскі праваабаронца.

Пад следствам у ізалятары застаецца сын Майсея – Дзяніс Мазько.

«Самі абставіны, тое, як гэта адбылося, паказвае, што гэта правакацыя, накіраваная на дыскрэдытацыю яго і ўсяго мірнага пратэсту супраць акумулятарнага завода. Нас хочуць запляміць, зрабіць нейкімі тэрарыстамі ў вачах грамадства», – лічыць Раман Кісляк.

У Следчым камітэце заяўляюць, што ў машыне праціўніка акумулятарнага заводу знайшлі боепрыпасы да розных пісталетаў, вінтовак, карабінаў і стрэльбаў.

«Тое, што знайшлі ў Маісея Сцяпаныча, гэта фальсіфікацыя, справа сфабрыкаваная», – не хавае абурэння Юлія Зубік.

«І тое, што Маісей на свабодзе, і тое, што Фесікаву не затрымалі, гэта салідарнасць народа. Таму трэба аб’ядноўвацца, бо калі нас шмат, то ім цяжэй рабіць свае злачынствы», – заклікае Алесь Абляк, удзельнік мірных пратэстаў у Берасці.

Майсей Мазько і Таццяна Фесікава – сябры ініцыятыўнай групы супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр». Актывісты больш за год ладзяць законныя мірныя пратэсты супраць заводу, яны сабралі каля 40 тысяч пратэставых подпісаў. Але і ў Берасці, і ў Менску ўлады адказалі на пратэст грамадзянаў не дыялогам, а рэпрэсіямі.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары