Ціск на незалежныя медыі працягваецца


Чарговыя затрыманні незалежных журналістаў: падчас нядзельнага Маршу суседзяў у Менску і Берасці затрымалі чатырох супрацоўнікаў недзяржаўных медыяў. За кратамі застаюцца адзінаццаць журналістаў, трое з іх – паводле крымінальных справаў. Адмыслоўцы называюць факты пераследу – спробаю зачысціць незалежнае інфармацыйнае поле.

Пасля пятнаццаці содняў арышту сябры ды калегі сустракалі журналістаў радыё «Свабода», затрыманых у Менску 15 лістапада за асвятленне Маршу смелых.

«Мне «прышылі» артыкул 23.34 – удзел у масавым мерапрыемстве. Сведка «Іваноў Іван Іванавіч» сведчыў аб тым, што я ў абедзвюх руках трымаў сцягі, транспаранты і сімволіку», – кажа журналіст «Свабоды» Андрэй Рабчык.

«Нас завялі ўнутр аўтазака, 30 чалавек, паставілі на калені, сказалі галавой уткнуцца ў сядзенні. Затым зайшоў адзін супрацоўнік АМАПу, сказаў, што першы, хто тузанецца ў бок міліцыянта, выйдзе адсюль наперад нагамі», – працягвае журналіст «Свабоды» Андрэй Шаўлюга.

Вызваленыя месцы занялі новыя калегі па цэху. Гэтак, за працу на нядзельным Маршы суседзяў пятнаццацідзённым арыштам пакаралі журналістку «Новага часу» Яну Трусілу, у зняволенні застаецца фрылансерка Іна Дабратвор. Берасцейскіх журналістаў парталу «TUT.by» і «Брестской газеты» Станіслава Каршунова і Максіма Хлябца вызвалілі пасля складання пратаколаў. Цяперашняе затрыманне ў Хлябца – трэцяе.

«Былі з бэйджыкамі, з акрэдытацыяй, з усімі дакументамі – нават у камізэльках «Прэса», але нам далі па 15 содняў з іншым фатографам, Раманам Шмялём, за тое, што мы, нібыта, «вялі» калону ў Берасці. Мы свае 15 содняў адсядзелі. Што будзе цяпер, пасля гэтага пратаколу, я ня ведаю», – кажа Максім Хлябец.

«Брестская газета» – адзінае ў абласным цэнтры друкаванае незалежнае выданне, якое на ўласную ініцыятыву ахвяруе падпіску беларускім палітвязням. Сёння рэдакцыя атрымала паведамленне з мясцовай друкарні аб скасаванні з пачатку новага года дамовы на друк.

«За 18 гадоў, што існуе «Брестская газета», такая сітуацыя ўзнікла першы раз. З фінансавага пункту гледжання ў друкарні да нас наагул ніякіх прэтэнзіяў быць не можа, эканамічнай асновай пад рашэннем не заключаць з «Брестской газетой» дамову на наступны год я не бачу», – кажа галоўны рэдактар «Брестской газеты» Віктар Марчук.

Са жніўня ў Беларусі спыніўся выпуск «Газеты Слонімскай», перасталі друкаваць «Народную волю», «Свободные новости» і «Комсомольску правду».

Сёння за кратамі застаюцца дзевяць незалежных журналістаў. Тры – паводле крымінальнай справы: журналістка парталу «TUT.by» Кацярына Барысевіч – за расследаванне забойства Рамана Бандарэнкі. Журналісткі «Белсату» Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова – за рэпартаж аб разгроме мемарыялу памяці Рамана. Усім пагражае да трох гадоў зняволення. Гэтыя ды іншыя факты пераследу – намаганні ўладаў зачысціць незалежную інфармацыйную прастору, заяўляюць у Беларускай асацыяцыі журналістаў.

«Выхад на вуліцу журналіста, асабліва калі ён абазначаны, – гэта вельмі верагоднае затрыманне. Канечне, медыя-прастора цярпіць праз гэта. З іншага боку – медыя абапіраюцца на карыстальніцкі кантэнт. Ён з’яўляецца даволі аператыўна: усе дні вулічных пратэстаў мы бачым, як людзі дасылаюць відэа, здымаючы са сваіх вокнаў і гаўбцоў, паведамляюць інфармацыю. Канечне, ёсць мінусы і пагроза медыя-прасторы, але недзяржаўныя выданні працягваюць сваю прафесійную працу», – кажа намеснік старшыні БАЖу Барыс Гарэцкі.

Падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў Беларуская асацыяцыя журналістаў зафіксавала каля чатырохсот выпадкаў парушэння правоў журналістаў – перадусім – затрыманні, арышты ды штрафы.

Галіна Абакунчык, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!