Ціск на незалежных журналістаў расце


Новы кіраўнік Міністэрства ўнутраных справаў – новыя захады. Гэтак, адміністратыўны пераслед пратэстоўцаў пачалі замяняць крымінальным.

На затрыманых падчас учорашняга маршу завялі справы за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. У спісе падазраваных пакуль – 231 чалавек. У тым ліку – двое нашых калегаў. Аператара ж «Белсату» Змітра Краўчука паводле падазрэння ў крымінальнай справе содні пратрымалі ў ізалятары і сёння выпусцілі, даўшы штраф.

Падчас учорашняга Маршу супраць тэрору ў Менску былі затрыманыя некалькі журналістаў. Трое карэспандэнтаў газеты «Новы Час», Зміцер Дзмітрыеў, Аляксандр Зяньковіч і Яна Трусіла, а таксама журналісты «Белсату» Зміцер Солтан, Арцём Багуслаўскі і Зміцер Краўчук.

Працаўніка расейскага агенцтва ТАСС адразу вызвалілі. Наш калега Зміцер Краўчук паспеў паведаміць сваякам, што ўтрымліваецца ў Кастрычніцкім РУУС. А сёння праз адваката прыйшла навіна – Зміцер і ў спісе падазраваных паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу.

«Мы ў шоку! Мы чакалі адміністратыўкі, нейкага штрафу. Але, выбачайце, не крымінальнай справы. Чалавек, які нядаўна згубіў жонку, у якога дома старая матуля», – распавядае Настасся Краўчук, пляменніца Змітра Краўчука.

Паводле Следчага камітэту, затрыманыя падчас маршу нібыта не падпарадкоўваліся прадстаўнікам улады, пашкодзілі гарадскую інфраструктуру і аўтамабіль сілавікоў. Усе затрыманыя – а іх 231 асоба – праходзяць паводле крымінальнай справы аб арганізацыі дзеянняў, што парушаюць грамадскі лад.

«Цяпер мы будзем знаходзіць для нашых калег добрых адвакатаў. Па-другое, узмоцнена будзем інфармаваць усю міжнародную супольнасць што тычыцца гэтай сітуацыі.1,03 Гэта вельмі небяспечны прэцэдэнт. Калі гэта сапраўды будзе, гэта азначае, што ў Беларусі мы маем усе прыкметы таталітарнага рэжыму»

гаворыць Аляксей Дзікавіцкі, намеснік дырэктара «Белсату».

Сёння пасля ўжо чарговых пятнаццаці содняў арышту выйшаў на волю аператар «Белсату» Алесь Любянчук.

«Улады вельмі баяцца, паколькі яны вельмі выкарыстоўваюць жорсткую прапаганду. Яны баяцца супрацьпастаўлення прапагандзе. Для іх небяспечна, што людзі будуць ведаць праўду», – кажа Алесь Любянчук.

Сёння ж у Магілёве адбыўся суд над журналісткай Алінай Скрабуновай. Суддзя Вікторыя Палякова прысудзіла ёй штраф за сюжэт для «Белсату» пра суды над удзельнікамі акцыяў пратэсту. Раней Палякова за той жа сюжэт пакарала штрафам аператара Аляксандра Сідарэўскага. Беларуская асацыяцыя журналістаў і раней фіксавала моцны ціск на незалежныя медыі і журналістаў. Але пасля выбараў 9 жніўня статыстыка нападаў пабіла ўсе рэкорды.

«Нашыя калегі з 9 жніўня адсядзелі больш за 650 содняў арышту разам узятыя. Мы зафіксавалі каля 350 фактаў затрыманняў», – адзначыў Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ.

Нягледзячы на пераслед і няспынны ціск незалежныя журналісты працягваюць пастаўляць беларускаму грамадству якасны кантэнт. Яны не апускаюцца да аднабаковай і тэндэнцыйнай прапаганды – падкрэсліў намеснік старшыні БАЖ.

Ігар Станкевіч, «Белсат»