Ціск на незалежных журналістаў і рэдактараў зноў узмацняецца


Несці праўду людзям у Беларусі – небяспечна. Ціск на незалежных журналістаў і рэдактараў узмацняецца. Метады розныя, адзін з іх – «справа БелТА». Следчы камітэт сёння працягвае выстаўляць абвінавачанні фігурантам справы.

Сёння абвінавачанні выставілі галоўнай рэдактарцы БелаПАН Ірыне Леўшыной, карэспандэнту «Нямецкай хвалі» ў Менску Паўлюку Быкоўскаму, рэдактару Галіне Уласік. Ува ўсіх узялі падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах. Шкоду для кожнага фігуранта ацанілі па-рознаму – ад 3 да 17 тысяч рублёў.

«Сёння мне было прад’яўленае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 349 «Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі». Сёння ў якасці абвінавачанай мне было зададзенае пытанне, ці прызнаю я віну, я сказала, што не прызнаю, і патлумачыла чаму», – кажа Ірына Леўшына, галоўная рэдактарка БелаПАН.

Справа пачалася, калі кліенты дзяржаўнай інфармацыйнай установы БелТА нібыта заўважылі збоі ў доступе да платнай падпіскі. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу. 7–9 жніўня ў рэдакцыях БелаПАН, парталу Тут.Бай і некаторых іншых медыяў прайшлі ператрусы з канфіскацыяй носьбітаў інфармацыі. Вобшукі прайшлі і на прыватных кватэрах фігурантаў справы. Журналістаў і рэдактараў затрымлівалі на некалькі дзён і прымусілі падпісаць дамову аб неразгалошванні.

«Тое, як адбываліся ператрусы, масавасць гэтых дзеянняў і кароткачасовыя затрыманні – гэта, безумоўна, перабольшванне. Тут трэба ведаць, што паводле гэтага артыкулу немагчыма было выбраць меру стрымання як утрыманне пад вартаю», – тлумачыць Алег Агееў, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Прэзумпцыя невінаватасці і факт, што віна не даказаная, бо суда не было, не спынілі дзяржаўных прапагандыстаў. Прадстаўніца Следчага камітэту ў Камітэце ААН у пытаннях правоў чалавека заявіла, што «справа БелТА» – гэта «банальнае хакерства».

«У наступным годзе, магчыма, буйныя палітычныя кампаніі, выбары, таму зразумела, што моцныя, незалежныя онлайн-рэсурсы трэба паспрабаваць узяць на кантроль, каб чагосьці не адбылося. Улады відавочна бачаць, наколькі моцная аўдыторыя і ў Тут.Бай і ў БелаПАН. Тут.Бай – відавочны лідар, таму ён і атрымаў галоўны ўдар па сабе», – каментуе Андрэй Аляксандраў, медыяэксперт.

Ціснуць не толькі на рэдакцыю. Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце выключыў з пераліку прадаўцоў інтэрнэт-паслуг для чыноўнікаў кампанію «Надзейныя праграмы», вядомую як Hoster.by, галоўным акцыянерам якой выступае заснавальнік Тут.Бай Юрый Зісер.

«Няма ніякіх тлумачэнняў, вось забралі права, і ўсё. І вядома, мы гэта разглядаем як ціск на мяне, таму што я ўдзельнічаю і ў Тут.Бай, і ў Hoster.by. У мяне пакуль няма іншага тлумачэння, калі б было рацыянальнае тлумачэнне, дзяржава б яго дала», – гаворыць Юрый Зісер, заснавальнік парталу Тут.Бай.

Яшчэ адзін сур’ёзны ўдар па працы незалежных медыяў – драконаўскія папраўкі ў Закон аб СМІ, якія пачнуць дзеяць у наступным месяцы. Судовы пераслед нашых журналістаў, блакаванне парталу «Хартыяʼ97», крымінальныя справы супраць блогераў – усё гэта толькі сёлета. Паўлюк Быкоўскі, фігурант «справы БелТА»:

«Інтэрнэт зрабіў увесь свет адной вялікай вёскай, і не важна, дзе знаходзіцца рэальна сайт, мы можам яго чытаць, і нават калі сайт знаходзіцца пад забаронай, мы таксама можам да яго прыходзіць. Ёсць мэсэнджары, ёсць сацыяльныя сеткі. Таму мне падаецца, што тая барацьба з непажаданай інфармацыяй, якая можа быць за гэтымі ўсімі пажаданнямі ўладаў, – яна не можа дасягнуць ніякай мэты».

Паводле чыноўнікаў Еўразвязу, ЗША і міжнародных праваабаронцаў гэты напад на незалежныя СМІ шкодзіць не толькі нам ды нашым калегам. Гэта замах на права грамадзянаў атрымліваць незалежную праўдзівую інфармацыю.

Вольга Чайчыц, belsat.eu