Ціск на Незалежны прафсаюз гарнякоў. За пераход у афіцыйны прафсаюз – ільготы, падвышкі і ўзнагароды


Салігорск – сталіца беларускай горназдабыўчай прамысловасці. А шахцёры, як вядома, – народ суворы. Дык якія ж аргументы патрэбныя, каб вымусіць гарнякоў выходзіць з незалежнага прафсаюзу, які мае тут даўнюю гісторыю?

Ціск на Незалежны прафсаюз гарнякоў пачаўся з адмоваў у рэгістрацыі на будаўнічым трэсце «Рэммантажбуд». Пасля шэрагу пратэстаў і нават звароту ў Адміністрацыю прэзідэнта арганізацыю ўсё-такі зарэгістравалі на пачатку гэтага года. Практычна адразу пасля гэтага пачаўся масавы выхад людзей з НПГ. Некаторыя пераходзілі ў афіцыйны Белхімпрафсаюз. Ірына Зыль, Незалежны прафсаюз гарнякоў:

«На маю думку, існуе дамоўленасць паміж наймальнікам і Белхімпрафсаюзам аб двайным сяброўстве, якую яны, з іх словаў, паспяхова завяршылі. Але мы ведаем, што яны таксама згубілі ў лічбах. Шмат якія людзі пры вельмі сур’ёзных прапановах заставаліся ў нашым прафсаюзе».

І сапраўды, артыкул 24 статуту Белхімпрафсаюзу дазваляе чалецтва толькі ў адной прафсаюзнай арганізацыі. У той жа момант, шмат людзей былі членамі і незалежнага і афіцыйнага прафсаюзаў адначасова. Андрэй Струнеўскі, старшыня першаснай арганізацыі Белхімпрафсаюзу ААТ «Беларуськалій»:

«Абышлі кожнага працаўніка і было прапанавана зрабіць выбар – або Белхімпрафсаюз, або незалежны прафсаюз. Большасць працаўнікоў выбралі Белхімпрафсаюз, за што ім вялікі дзякуй».

У той жа момант, паводле прадстаўнікоў Незалежнага прафсаюзу гарнякоў, працаўнікам рабілі прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца. Мікалай Зімін, старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу:

«Выходзь з прафсаюзу, атрымаеш усе льготы, нормы, якія ёсць у калектыўнай дамове. Іначай не атрымаеш павышэння заробку, разраду не дадуць, кваліфікацыю не падвысяць, не ўзнагародзяць. І вось так. Кагось праз бізнес сямейны стараюцца прыціснуць, альбо хтось дзесь вучыцца».

Пасля страты каля шасцісот чальцоў у шэрагах незалежнага прафсаюзу засталося больш як тры з паловаю тысячы сябраў. Як кажа кіраўніцтва НПГ, на фоне гэтых складанасцяў з’явіліся людзі, якія адмыслова запісаліся ў іх арганізацыю, каб выказаць салідарнасць са структурай. Юрый Захараў, Незалежны прафсаюз гарнякоў:

«Мы стараемся максімальна даказаць наймальніку, што пры вытворчасці прадукту працаўнікі мусяць атрымаць максімум заробку і нейкіх сацыяльных гарантыяў. У гэтым выпадку ўзнікае праблема. Не заўжды нас падтрымліваюць калегі з Белхімпрафсаюзу».

Значыць, на баку наймальніка фактычна выступае і дзяржаўны прафсаюз. І як тады дабівацца нейкіх саступак на карысць працоўных? У сваю чаргу працадаўцы будуць падтрымліваць лаяльных да іх арганізацыі. Сяргей Чаркасаў, старшыня Незалежнага прафсаюзу гарнякоў:

«На тое і прафсаюз, каб працаваць у інтарэсах членаў прафсаюзу, працаўнікоў прадпрыемства. Таму вельмі часта ўзнікаюць канфлікты і ў працэсе нашай працы, і ў працэсе заключэння калектыўнай дамовы. Тое, што адбылося цяпер, не нашая віна, а віна таварыства, якое стала ў жорсткае супрацьдзеянне нашаму прафсаюзу».

Дзеля вырашэння цяперашніх непаразуменняў, на наступным тыдні мусяць адбыцца перамовы паміж кіраўніцтвам Незалежнага прафсаюзу гарнякоў і дырэктарам «Беларуськалію» Іванам Галаватым. І пакуль прадстаўнікі НПГ чакаюць паразумення з наймальнікамі, дзеля іх падтрымання акцыі салідарнасці правялі ўжо прафсаюзы ў Грузіі, Украіне ды Нідэрландах.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu