Ціск на даследчыкаў рэпрэсіяў у Расеі: больш за $ 30 тысяч штрафаў


Яшчэ два штрафы па 300 тысячаў расейскіх рублёў кожны прысудзіў Цвярскі суд Масквы міжнароднаму таварыству «Мемарыял». Калі дадаць папярэднія штрафы, атрымліваецца сума 2 мільёны 300 тысячаў расейскіх рублёў.

«Суддзя ад нас і «Раскамнагляду» яўна стамілася. Пасля паседжання я зайшла да іншага суддзі, ад якога мы чакаем яшчэ 4 рашэнні, – поўнага тэксту. Яны нават яшчэ не гатовыя – то бок, суд папросту не паспявае», – кажа юрыстка «Мемарыялу» Наталля Марозава.

«Мемарыял» займаецца даследаваннем камуністычных рэпрэсіяў. Гэтая справа не простая з увагі на стаўленне расейскага ўраду да савецкай эпохі. У найлепшых традыцыях Савецкага Саюзу, дзе шукалі ўнутраных ворагаў, у Расеі існуе юрыдычны тэрмін «замежны агент» – кажа кіраўнік «Мемарыялу». Гэткі статус атрымліваюць некамерцыйныя арганізацыі, якія, сярод іншага, спрабуюць уплываць на грамадскую думку і дзяржаўную палітыку. На сайце Міністэрства юстыцыі ёсць адмысловы рэестр такіх арганізацыяў – агулам 74 пазіцыі. Сярод іх і «Мемарыял».

«Гэта пераклічка часоў. І як бы ні адхрышчваліся нашыя ўлады, гэта працяг традыцыі савецкае ўлады, якая менавіта з дапамогаю гэткіх ярлыкоў змагалася са свабодаю слова», – мяркуе старшыня кіраўніцтва «Міжнароднага Мемарыялу» Ян Рачынскі.

Тое, што яны «замежныя агенты», арганізацыі мусяць пазначаць на сваіх інтэрнэт-старонках. Зрабіць гэтак мусіў і «Мемарыял». Аднак таварыства не паставіла гэткай меткі на сваіх старонках у сацыяльных сетках.

«Цяпер мы паставілі маркіроўку дзе заўгодна, акрамя як у сябе на ілбе. Не буду падказваць, але, напрыклад, мая візітоўка, якую я распаўсюджваю, гэта таксама матэрыял «Мемарыялу», і на ёй таксама павінная быць маркіроўка», – кажа Наталля Марозава.

На пачатку тыдня Дзяржаўная Дума пашырыла закон аб замежных агентах. Цяпер пад яго трапляюць не толькі юрыдычныя, але і фізічныя асобы. Паводле праваабаронцаў, варта чакаць, што пад пагрозаю штрафу паметка «замежны агент» хутка пачне з’яўляцца не толькі на сайтах, але і ў сацыяльных сетках прыватных асобаў.

Ян Вярбіцкі belsat.eu