Ціск на бацькоў праз дзяцей?

«Не спадабалася што аблаялі матам, а яшчэ больш не спадабалася што бацьку пабілі, як затрымлівалі» – так чатырнаццацігадовы Арцём адрэагаваў на сваё затрыманне сілавікамі. Цяпер хлопца разам з бацькамі выклікалі на прафілактычную размову.

У адным аўтазаку з бацькамі. 14-гадовага Арцёма Бурага затрымалі разам з маці, бацькам і старэйшай сястрой у нядзелю 13 верасня ў Менску. Сям’я па вуліцы Мельнікайтэ вярталася з кавярні.

«Мяне павалілі чатыры чалавекі ў чорнай форме і пачалі хапаць за рукі-ногі. Потым павалаклі. Я ім крычу, што мне 14 гадоў, а яны кажуць, што трэба мець пры сабе пашпарт», – распавядае Арцём Буры.

Бацьку Арцёма пры затрыманні збілі, а маці сама пайшла ў аўтазак за сынам.

«Нават калі мы ў аўтазаку сядзелі, ніводзін афіцэр ці хто там быў, не сказаў, што мы ўзялі дзіця, трэба яго выпусціць. Ніхто не задумаўся. Тое ж – калі нас у Фрунзенскі РУУС прывезлі: ніводзін з афіцэраў не сказаў (а там запісвалі, колькі дзіцяці гадоў): як мы можам тут трымаць дзіця», – абураецца маці Арцёма Альбіна Бурая.

Арцёма з маці адпусцілі ў той жа дзень, пратрымаўшы сем гадзінаў і склаўшы пратаколы. Бацьку ж адправілі ў Жодзіна.

«За тое, што мы нібыта ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным мітынгу, калі нас злавілі на вуліцы Мельнікайтэ, мяне пакаралі 10 соднямі арышту, я ўжо яго адбыў, а жонку – штрафам 25 базавых велічынь», – кажа бацька Арцёма Віктар Буры.

Маці Арцёма найбольш крыўдзіць нават не несправядлівы судовы працэс, падчас якога сведкі сцвярджалі, што яна супраціўлялася і крычала падчас затрымання, а стаўленне ўладаў да дзяцей. Між іншага, жанчына згадвае рэзанансавую заяву Уладзіміра Макея наконт пагрозаў семʼям чыноўнікаў ды сілавікоў, размешчаную на сайце МЗС 22 жніўня.

«Подленькі, ананімны ціск на сямʼю, у тым ліку на малалетніх дзяцей, ніяк не ўкладваецца ў маёй галаве з паняццем «дэмакратыя». За гэтыя слёзы майго адзінаццацігадовага сына я гатовы перагрызці горла», – гаварылася ў заяве.

«Калі наляцеў АМАП ці не ведаю, хто гэта, мяне адставілі ў бок. Канечне, я рвалася да дзіцяці, яму 14 гадоў. Макей? Можа, канечне, АМАП будзе трымаць, а Макей грызці горла камусьці, але я так не змагу», – кажа Альбіна Бурая.

Сёння Арцёма разам з бацькамі выклікалі ў адміністрацыю Фрунзенскага раёну на прафілактычную размову. Віктар Буры лічыць, што гэты выклік можа быць рэакцыяй уладаў на ягоную грамадзянскую пазіцыю. З 2008 года ён назірае за выбарамі ды рэгулярна падае заявы ў пракуратуру на фальшаванне выбарчых пратаколаў. Запалохваннем тлумачыць дзеянні ўладаў і Альбіна Бурая:

«Каб мы не выходзілі, не абураліся, у суды не падавалі, апеляцыі ці што».

Сітуацыі, калі на актыўных грамадзянаў ціснуць праз іхных дзяцей, апошнім часам вельмі частыя ў Беларусі. Калі ў Гомлі затрымалі Германа і Наталлю Сняжковых, іхных малых дзяцей забралі ў прытулак. У прытулак забіралі і сына менскай актывісткі Алены Лазарчык. У вяртанні дзіцяці адыграла ролю і ўвага грамадскасці.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Тэгі: