Ціханоўская стварыла каманду рэфарматараў

Экс-кандыдатка на прэзідэнцтва Беларусі Святлана Ціханоўская стварае каманду рэфарматараў. Як адзначыла Ціханоўская, «рэжым Аляксандра Лукашэнкі не толькі не легітымны, ён больш не спраўляецца са сваймі задачамі». Чым зоймуцца ўпаўнаважаныя, прызначаныя лідаркай беларускага грамадства?

«Мы не можам бяздзейнічаць і назіраць, як краіна паглыбляецца ў крызіс», – Святлана Ціханоўская заявіла пра стварэнне каманды экспертаў, што аб’яднае рэфарматарскія сілы Беларусі.

«Хоць ён і малады эканаміст, але вельмі адукаваны, мае сувязі сярод беларускіх эканамістаў. Менавіта каманда беларускіх эканамістаў рэкамендавала яго на ролю каардынатара. Ён размаўляе на розных мовах, скончыў Лонданскую школу эканомікі, яго навуковым кіраўніком быў Лешэк Бальцэровіч – аўтар польскіх рэформаў», – так дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі прадставіў упаўнаважанага ў эканамічных рэформах. Ім стаў 30-гадовы эканаміст Алесь Аляхновіч.

Дарадцам у правах чалавека будзе вядомы праваабаронца, намеснік старшыні Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла. Галоўная ягоная задача цяпер – абараніць правы пацярпелых ад рук сілавікоў і вызваліць палітвязняў.

«Многія краіны валодаюць універсальнай крымінальнай юрысдыкцыяй у міжнародных злачынствах, якія ўчынены на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Уключыць гэтыя механізмы – гэта вельмі складаная, але неабходная сёння праца», – дзеліцца планамі Гары Паганяйла.

Упаўнаважаныя Святланы Ціханоўскай – гэта не ценевы ўрад, падкрэслівае Аляксандр Дабравольскі. Іх задача – арганізаваць міжнародную дапамогу і скаардынаваць працу экспертаў, якія створаць пакет рэформаў. У пятніцу будзе агучана імя трэцяга ўпаўнаважанага – у пытаннях рэформы Канстытуцыі.

«Па самых гарачых пытаннях, якія цяперашняя ўлада не можа выканаць або не хоча выканаць, будуць прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай. Напрыклад, канстытуцыйная рэформа. Ужо працуе канстытуцыйная камісія, і ёсць праект Канстытуцыі», – каментуе Аляксандр Дабраволькі.

А якія рэформы, на думку беларусаў, больш за ўсё неабходныя краіне?

«Па-першае, прыбраць незаконнага прэзідэнта, якога не абралі і які да гэтага часу ўтрымлівае ўладу. Для пачатку гэта, а потым будзем разбірацца з эканомікай, паколькі відавочна, што крызіс у краіне».

«У першую чаргу – падзел трох галінаў улады: заканадаўчай, судовай і выканаўчай. Каб парламент у нас быў больш дзейсны і меў нейкую вагу і голас».

«Рэформа сілавога апарату, паколькі ў нас на яго сыходзіць занадта шмат грошай. Турэмная рэформа».

«Лібералізацыя ў эканамічным жыцці, у грамадска-палітычным жыцці. Свабода ва ўсім!» – пералічваюць жыхары Менску.

Распрацоўванне рэформаў, каардынацыя міжнароднай дапамогі, піяр і грамадскія сувязі, а таксама рыхтаванне агульнанацыянальнага дыялогу. Так, на думку палітолага Андрэя Казакевіча, маюць выглядаць прыярытэты каманды Ціханоўскай.

«Усе альтэрнатыўныя сілы павінныя быць да гэтага гатовыя. Як з пункту гледжання тэхнічнага (разуменне таго, як гэта можа працаваць, якія механізмы трэба выкарыстоўваць), так і кадравага. Гэта будзе вельмі складаны і няпросты працэс», – зазначае дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.

Як прымусіць Лукашэнку спыніць рэпрэсіі, правесці новыя прэзідэнцкія выбары, і як затым распачаць рэформы – гэтыя тэмы Святлана Ціханоўская напярэдадні абмеркавала з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. У аўторак гэтыя ж пытанні Ціханоўская і ейная каманда абмяркуюць з канцлеркай Нямеччыны Анґелай Мэркель.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама