Ціханоўская: «Санкцыі не сур'ёзныя»


Сёння Еўразвяз ухваліў трэці пакет санкцыяў адносна чыноўнікаў і сілавікоў, верных Аляксандру Лукашэнку, а таксама супраць цэлых структураў. У чорны спіс трапілі яшчэ 29 асобаў і 7 прадпрыемстваў. Імёны і назвы абвесцяць заўтра. Але прыхільнікі санкцыяў, як інструменту ціску на дыктатуру, назвалі пакет непрапарцыйным адносна дзясяткаў тысяч арыштаваных, паўтары сотні палітзняволеных і прынамсі 10-ці забітых у сувязі з пратэстамі беларусаў. Чаму санкцыі такія, якія бачым?

Сотні тонаў рыбы для прадукцыі «Санта Брэмар» будуць пастаўляцца з Ісландыі, як і раней… Гаспадарчых санкцыяў супраць кампаніі Еўразвяз не ўвёў, хоць першапачаткова яна ў санкцыйным спісе была.

Блізкі да Аляксандра Лукашэнкі бізнесовец – уласнік «Санта-Брэмар» Аляксандр Машэнскі ў каментары «Нашай Ніве» пацвердзіў, што прыклаў намаганні, каб не трапіць пад абмежаванні.

«У тых, хто складае гэтыя спісы, ёсць пэўныя крытэрыі ўключэння. Напэўна, карэктна ставіць пытанне аб тым, ці адпавядае «Санта-Брэмар» гэтым крытэрам? Можа, мы расстрэльвалі дэманстрантаў? Можа, мы – «кашалькі», – у тэрміналогіі аўтараў? Я не думаю», – сказаў Аляксандр Машэнскі, уладальнік кампаніі «Санта-Брэмар».

Сямі кампаніям дзейнай улады не ўдалося абмінуць гаспадарчых абмежаванняў Еўразвязу. Санкцыйныя спісы рыхтаваліся еўрапейскімі службамі. Беларускія дзеячы адно падзяліліся профільнаю інфармацыяй. Сузаснавальніца Беларускага вольнага тэатру Наталля Каляда цвердзіць, што рэжым у стане таемна плаціць еўрапейскім лабістам за вывядзенне з-пад санкцыяў «гаманцоў Лукашэнкі».

«Якія прычыны? Латвія вам напрыклад скажа – у нас бізнес спыніцца. Нямеччына скажа – у нас таксама бізнес спыніцца бо маем старыя адносіны з рускім бізнесам, які таксама фінансуе Лукашэнку».

Спіс вінаватых у рэпрэсаванні – палітыкаў, сілавікоў, суддзяў… згодна з персанальнымі санкцыямі Еўразвязу – не дацягвае да сотні асобаў. 29 з іх дадалося сёння. Лідарка дэмакратычнай апазіцыі Святлана Ціханоўская сказала «Белсату»:

«У Нас у краіне эскалацыя гвалту. Людзей садзяць за краты, катуюць. Людзі адчуваюць сябе небяспечна ў сваіх дамах і сваіх дварах. Небяспечна хадзіць. Хутка стане небяспечна дыхаць. Таму мы настойваем на наступным пакеце санкцыяў, бо гэтыя – гэта нават не сурʼёзна».

Пятрас Аўштравічус – дэпутат Еўрапарламенту з Літвы, якая разам з Польшчаю прасоўвае санкцыі наймацней, таксама расчараваўся:

«Гэта дрэнны сігнал з боку Еўразвязу, які сведчыць пра тое, што некаторыя з нас усё Нямеччына як краіна, якая старшынюе, магчыма, хацела дамагчыся кампраміснага рашэння, але гэта, так бы мовіць, нізкая прыступка такога кампрамісу. А на конт Латвіі, калі гэта пацвердзіцца, то не прыдасць ніякага прэстыжу нашаму суседу».

Грамадзянская супольнасць, ня гледзячы на тое, што пацярпіць сама, просіць Еўропу дзеяць рашуча супраць прадпрыемстваў, якія фінансуюць Лукашэнку. Ёсць чыннікі, якія тармозяць прыняцце сурʼёзных рашэнняў, – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

«Еўрапейскія краіны асцерагаюцца, што вельмі моцныя санкцыі эканамічныя могуць прывесці не да зрынання існага беларускага рэжыму, а да таго, што гэты рэжым пойдзе на яшчэ больш цесную інтэграцыю з Расеяй».

Да прыкладу, адключэнне Беларусі ад сістэмы SWIFT, пра якое просіць каманда Святлана Ціханоўскай, у выніку дасць падключэнне Беларусі да расейскіх плацежных механізмаў, і гэтак далей. Еўропа ж ідзе на званыя палітыкамі і палітолагамі «сімвалічныя» – візавыя абмежаванні.

«Найбольш эфектыўнымі былі б сектаральныя санкцыі – абмежаванні для цэлых сектараў эканомікі (купляць прадукцыю). Але гэта быў бы балючы ўдар і па беларускім грамадстве, і па простых людзях«, – разважае Валер Карбалевіч.

З ягонага досведу такія санкцыі – крайняя захада, на якую Еўразвяз пакуль не пойдзе. Мацнейшага ціску на спонсараў дзейнага палітычнага рэжыму, у тым ліку расейцаў, аналітыкі чакаюць ад ЗША. Адно што «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце», які даў бы прэзідэнту паўнамоцтвы на прыняцце рашэнняў, будзе ўхвалены толькі ў наступным годзе.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў