Ці зробяцца трэндам цішоткі з выбітнымі беларусамі?


Уладзімір Макей з сынам Вадзімам прадаюць у цэнтры Менску кубкі з выявай пагоні і цішоткі з выбітнымі беларусамі. «Кожнаму накавана прайсці свой шлях да свабоды». Напісана пад выявай Васіля Быкава. Заінтрыгаваныя?

Такі тавар можна набыць у менскай краме «Дарэчы», што месціцца ў гандлёвым цэнтры «Сілуэт». Апроч гэтага, у краме ёсць мноства іншых прадуктаў, звязаных з патрыятычнай тэматыкай.

Краму трымаюць бацька з сынам

Усе ідэі, рэалізаваныя на вітрынах, сям’я прыдумляе сама.

«Мы з сынам даўно разважалі над тое, каб зрабіць серыю пра выбітных беларусаў з назвай «Дарэчы, беларус». Цяпер вось зрабілі першыя тры цішоткі – з Барысам Кітом, Васілём Быкавым і Маркам Шагалам», – распавядае саўладальнік крамы Уладзімір.

Не толькі адзенне, але і кубкі, вокладкі на пашпарт, сцяжкі ды іншая атрыбутыка. Сям’я Макеяў абяцае яшчэ здзівіць сваіх пакупнікоў.

Крама «Дарэчы» працуе ўжо амаль два гады

Уладальнікі дадаюць – радыя сумленнай канкурэнцыі, бо менавіта разам з іншымі нешматлікімі пляцоўкамі яны напаўняць нашую прастору бачнай беларушчынай.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»