Ці змывае грахі хрышчэнская вада?

Богаз’яўленне, або па-народнаму Вадохрышча – адное з 12 галоўных святаў праваслаўнага календара. У цэрквах адзначаюць хрышчэнне Ісуса, а таксама ягонае першае прэзентаванне народу ў якасці Збаўцы. Як царкоўнае свята адзначаюць на радзіме Хрыста і ў нашым рэгіёне – распавядзе Аляксандр Папко.

Урочышча Каср аль-Яхуд на мяжы Палестыны ды Іярданіі. Менавіта тут Ісус Хрыстос узяў удзел у абрадзе ачышчэння ў рацэ Іярдан. Пасля за ім следам рушылі двое першых вучняў – апосталаў. 2 тысячы гадоў пазней акунуцца ў ваду Іярдану прыходзяць тысячы праваслаўных з усяго свету.

«Мы стаім на палестынскім беразе, па іншым баку – іярданцы, але мы не можам сустрэцца, бо перашкаджае мяжа. Калі скасаваць гэтыя межы, як навучаў Ісус Хрыстос, то будзе мір і любоў паміж усімі народамі», – спадзяецца паломнік з Назарэту Халід Аўад.

Праўда, сёння ўвайсці ў ваду Іярдану немагчыма з прычыны паводкі. Вадой з ракі паломнікаў палівалі са шлангаў.

А вось у нашыя рэкі ды азёры ўвайсці сёлета лёгка – з прычыны анамальна цёплай зімы на іх няма нават лёду. Праўда, вада застаецца ледзяная. Па ўсёй краіне для тых, хто жадае паўтарыць абрад Хрыста, абсталявалі 87 месцаў для купання.

Уражаннямі ад купання дзеляцца жыхары Магілёва:

«Вельмі добрыя ўражанні! Калі б не Гасподзь Бог, то наўрад ці можна было б вытрымаць такую халодную ваду».

«Вельмі класна! Усім раю!»

«Каб ачысціцца, грахі змыць, як кажуць. Гэта вялікае царкоўнае свята! Так што ўсім рэкамендую!»

Святочныя богаслужэнні прайшлі ўва ўсіх праваслаўных святынях нашае краіны. На Богазʼяўленне святары апранаюць белыя рызы – на знак духоўнага ачышчэння. У Троіцкім саборы ў Менску сабраліся тысячы людзей – узяць удзел у літургіі і запасціся асвечанаю вадой.

«П’ем, апырскваем куты ў пакоі. Ад рознай нечысці дапамагае, кажуць! Яна чыстая, прастаяць можа год – і не пратухае! Яны яе праз срэбра праганяюць, мабыць».

Без марозу ды лёду, затое – з туманам. Як сёлета адзначылі Вадохрышча

«Сёння твар памыць: ручкі памыць, вадзічку пасвяціць у доме. Гэты звычай не намі прыдуманы, перадаецца з пакалення ў пакаленне. Можа, мы чагосьці не разумеем, але проста прыемна!»

«Зразумела, гэта трэба рабіць з вераю. Таму, што калі гэта рабіць без веры і пераканання, што гэта дапамагае, то гэта будзе простая вада», – распавядаюць жыхары Менску.

Перакананне пра цудадзейную моц хрышчэнскай вады падзяляюць і нашыя суседзі. У адной Маскве ў хрышчэнскім купанні ўдзельнічалі 53 тысячы чалавек. А на Камчатцы пасля купання ў ледзяной вадзе людзі грэліся ў цёплых крыніцах.

«Усё дрэннае з сябе хацеў выгнаць, стаць чысцейшы, і ў год гэты прайсці чысты, ачышчаны».

«Хочацца верыць, што нашыя грахі Гасподзь у гэты дзень усё ж адпусціць», – спадзяюцца жыхары Камчаткі.

Абмыванне ў палонцы на Вадохрышча не прыводзіць да духоўнага ачышчэння і не пазбаўляе ад грахоў – нагадала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Праваслаўная царква Украіны. Святары ставяцца да гэтага дзейства як да народнай забавы, а этнографы сцвярджаюць, што акунанне ў палонку набыло папулярнасць толькі 20 гадоў таму.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама