Ці зачыняць на каранцін тэатры, і што прыйдзе ўзамен


Заставацца ўдома і самаізалявацца, наколькі дазваляюць умовы – гэты заклік стаў, бадай, самым актуальным у гэтыя дні. Насустрач народнаму каранціну ідуць ужо арганізатары канцэртаў, уладальнікі рэстаранаў і клубаў.

Гарадзенскі цэнтр эпідэміялогіі сёння абмежаваў дзейнасць забаўляльных кропак, а частка з іх – як, напрыклад, клубы «База» і «Галактыка» зачыніліся раней, «каб не рызыкаваць здароўем гасцей і супрацоўнікаў».

Смерць актора Віктара Дашкевіча – сумны знак бяды. Віцебскі тэатр, дзе да нядаўна працаваў Дашкевіч, ад сёння на адпачынку. У сталіцы не працуе цырк, а тэатры – у Берасці, Магілёве і Менску – адмянілі дзіцячыя спектаклі. Дарослыя ж спектаклі і рэпетыцыі ідуць без зменаў.

Творцы склалі петыцыю да Міністэрства культуры аб закрыцці тэатраў, актыўнасць гледачоў няўхільна падае. Воля Семчанка, літаратурная рэдактарка Магілёўскага драматычнага тэатру, заўважае:

«Мы бачым, што на такія даволі аншлагавыя спектаклі, якія звычайна праходзяць пры поўных залах, у нас прадаецца па 20-30 квіткоў. Гэта бяда для любога тэатру. Мы стараемся захоўваць свайго гледача, стараемся не адмяняць спектаклі. Але мы не ведаем, якая будзе сітуацыя, напрыклад, заўтра».

Альтэрнатывай для выйсця ў тэатр можа стаць анлайн-фестываль дакументальнага кіно BelarusDocs-2020. Ад 7 да 13 красавіка на сайце фэсту www.belarusdocs.com можна паглядзець самае новае нацыянальнае кіно, ды нават аддаць голас за лепшае. Рыхтуе фестываль Алесь Лапо (ад нядаўна – на самаізаляцыі):

«Гэта фільмы не тэлевізійнага фармату, тым больш – не для ратацыі ў кінатэатрах, але я лічу, што нашая дакументалістыка можа стаць сапраўднай культурнай візітоўкай Беларусі. З гэтай прычыны чатыры гады таму і ўзнік анлайн-фестываль «BelarusDocs».

Творцам няпроста: так, для Юрыя Цімафеева «BelarusDocs» стане прэмʼерай у краіне. Фільм «Фальклор і жыццё» – спроба аналізу эратычных элементаў у абрадавасці – быў дагэтуль толькі на фестывалях, таму Юрый разлічвае на кантакт з беларускім гледачом і жывую рэакцыю, якую, аднак, можа быць, давядзецца пачакаць:

«Ну як бы заяўлена, што гэта першы ў Беларусі эратычны фільм, але насамрэч гэта крыху не пра тое. Героі фільму – звычайныя людзі, са сваймі абрадамі і традыцыямі, які закранаюць тэму ўрадлівасць, і адпаведна, эратызму».

За перамогу на фестывалі пазмагаюцца прэтэндэнт на Оскара-2019 «Дэбют» Настассі Мірашнічэнкі, «Трэнер» Вольгі Абрамчук, «Полацкі вальс» Вольгі Дашук, «Лебедзі» Галіны Адамовіч, «Цар гары» Андрэя Куцілы. Канкурэнцыя моцная, а аўтары, нягледзячы на абставіны, захоўваюць сілу духа, кажа рэжысёр Андрэй Куціла:

«Вось літаральна сёння я адчыніў інтэрнэт і даведаўся, што кракаўскі фестываль пераходзіць у рэжым онлайн, да гэтага – у Капенгагене дакументальны кінафестываль паказалі онлайн, у Чэхіі многія фестывалі ўвогуле пераносяцца, тое, што магчыма, на восень. Таму «BelarusDocs»– ён у гэтым сэнсе ў трэндзе, і дае класную магчымасць паглядзець актуальнае беларускае кіно ўдома».

Арганізатары заклікаюць паглядзець фільмы, узяць удзел у іх абмеркаванні і разам прызнаць «Прыз глядацкіх сімпатый». Гэткім няхітрым чынам можна падтрымаць у няпросты час творцаў – якія па-ранейшаму чуйна адгукаюцца на ўсё, што з намі адбываецца.

Аляксандра Дорская, «Белсат»