Ці з’явіцца ў Беларусі народны маніторынг паветра?


Актывісты ініцыятывы «За здаровы Магілёў» сабраліся абмеркаваць закіды да дзейнасці мясцовых хімічных прадпрыемстваў, але прыйшлі да праблемаў, характэрных усёй Беларусі.

«Нельга дабрацца да дакументацыі заводаў, паглядзець, як яны працуюць, ці ўсё яны выконваюць, якія нормы. То бок няма грамадскага кантролю, гэта павінна быць у руках грамадскасці», – называе адну з галоўных праблемаў актывіст ініцыятывы «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў.

На паперы нашыя законы гарантуюць права на атрыманне экалагічнай інфармацыі, на здароўе і спрыяльны навакольны асяродак, але што на практыцы? Юрыст грамадскай арганізацыі «Экадом» Рыгор Фёдараў кажа:

«Панятак спрыяльны навакольны асяродак – гэта асяродак, які адпавядае тым параметрам, якія ўстаноўленыя заканадаўствам. Прасцей кажучы, у паветры ўтрыманне забруджвальных рэчываў не больш чым столькі вось».

Менавіта гэтай інфармацыі і не стае людзям: колькі чаго ўтрымліваецца ў паветры. Актывіст ініцыятывы «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў лічыць, што:

«Улады і нашыя санслужбы закрываюць інфармацыю аб шкодных выкідах у паветра. Бо гэта адзін з інструментаў, якім можна карыстацца: падаваць у суд і скардзіцца, дамагацца свайго права згодна з артыкулам 46 Канстытуцыі, але на жаль…»

Хоць па Беларусі і стаяць аўтаматычныя станцыі вымярэння чысціні паветра, іх відавочна не стае, ды прылады не адлюстроўваюць усе важныя паказнікі.

«Калі стала ідзе інфармацыя ад дзяржорганаў пра тое, што ўсё добра, усё добра, усё добра, але насамрэч жыхары там носам адчуваюць, што неяк складана дыхаць, тады ўзнікае недавер, натуральна», – лічыць юрыст грамадскай арганізацыі «Экадом» Рыгор Фёдараў.

Жыхар Магілёва Сяргей Пехцераў разам з сябрам прыдумалі, як зрабіць экалагічную інфармацыю больш дасяжнай для кожнага.

«Яшчэ паўгода таму я прачытаў артыкул, што існуюць такія дробныя часцінкі, пра якія ў Беларусі мала што ведаюць. Але ўва ўсім свеце паміраюць ад дробных часцінак болей, чым ад табака, напрыклад», – кажа магілёвец Сяргей Пехцераў.

З праектам народнага маніторынгу паветра Сяргей прайшоў першы этап на конкурсе «Social weekend». Ён збірае грошы на 70 датчыкаў маніторынгу мелкіх часцінак у паветры: па 10 кожнаму абласному цэнтру і 20 для Менску.

«Я знайшоў самае таннае рашэнне – набыць датчыкі з «Эліэкспрэса». Зрабіць на 3D-прынтары скрыначку і аб’яднаць у такую сістэму, каб усе звесткі адлюстроўваліся на мапе, а датчыкі стаялі ў кагосьці на гаўбцы, напрыклад», – кажа аўтар праекту «Pavetra.online» Сяргей Пехцераў.

Сайт праекту – «Pavetra.online» – перабывае ў распрацоўцы. Пакуль што ўся інфармацыя на ім – для дэманстрацыі. У будучыні інфармацыю аб дробных часцінках зможа атрымаць любы карыстальнік сеціва абсалютна бясплатна.

Вольга Васільева, belsat.eu